epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Я гукаю, выклікаю...

На сябе маланкі выклікаю,

Выклікаю буры, перуны,

Як агонь апошняе вайны.

Маладых арэхаў паміж гаю

Хай не паляць, не сякуць яны;

 

Хай на хмары чорнай у балота,

За далёкі сіні небасхіл,

Завязуць самоту і журботу

Курганоў гарбатых і магіл.

 

Можа, усміхнуцца ім пралескі,

Чабарок зялёненькі ў траве;

Песня жураўліных пералескаў

Голасам шчымлівым даплыве;

 

З цёплага духмяністага бору

Пададуць зязюлі галасы;

Гулкая сімфонія матораў

Даплыве з пшанічнай паласы.

 

І тады, магчыма, на палянку

Выйдуць цені хлопцаў з туманоў?..

Абудзіце, громы і маланкі,

Сон магільны брацкіх курганоў!


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 28
Крыніца: скан