epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Як прыехаў сын у госці

Урачыстая часіна:

Маці рада, бацька рад.

Сустракаюць шчыра сына,

Сын — праслаўлены салдат!

 

На грудзях яго медалі,

А пагоны на плячах,

Яны самі расказалі:

Сына вёў пачэсны шлях.

 

Бацька кажа:

— Ты на танку

Едзеш, сынку. Ён — твой конь.

Я з гарматы ў «грамадзянку»

Вёў па ворагу агонь.

 

— Памаўчы,— гаворыць жонка.

— Змоўкні ты! — злуецца ён.—

Стратэгічна, вельмі тонка

Трэба ведаць наш закон.

 

Танк — ого! Ён воін хвацкі,

Цэлы полк змяце адзін.

Так жа?

— Так! —

Адказваў бацьку

За сталом багатым сын.

 

А людзей, сяброў у хаце

На ўсіх лавах навакол!

Прытамілася ўжо маці,

Прытаміўся шчодры стол.

 

У танкіста дзед пытае:

— Ты скажы мне, ягамосць,

А ці бомбу тую маем,

Што ў Амерыцы ўжо ёсць?

 

— Запытайце ў наркамаце.

То ж сакрэт, шаноўны дзед...

Засмяяліся ўсе ў хаце,

Зразумеўшы той сакрэт.

 

Злосць старога ўзварушыла,

Кажа: — Чулі вы ці не?

Быў мне другам Варашылаў,

Падарыў ён шаблю мне!

Зразумела?

— Зразумела! —

Адказаў яму салдат...

 

Хата грала, хата пела,

Быў танкісту кожны рад.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 51-52
Крыніца: скан