epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Яраслаўна з Дуброўкі

— Дзе твой Яраславіч, Яраслаўна?

— Не маўчы, самотная. Скажы.

— Да мяне каня свайго паслаў ён,

— Па дарозе конь сюды бяжыць.

 

Чую я: грыміць ён капытамі,

Грывай ускудлачанай трасе.

Недзе Яраславіч за лясамі,

Ад яго конь вестачку нясе.

 

— А чаму ж не чую я нічога?

— Можа, нахлусіла трохі ты?..

Не гудзе знямелая дарога,

А на ёй не звоняць капыты.

 

Адказала гнеўна Яраслаўна:

— Глухаватая душа твая!..

Яраславіч мой, саколе слаўны,

У тваім сядле прыеду я.

 

— У якім сядле? Сядла не бачу.

І каня не бачу. Дзе ж той конь?..

Прыляцеў узмылены, гарачы,

Ноздры разадзьмуў, а з іх — агонь.

 

— Ну, вязі, нясі мяне, таварыш!

Яраслаўна села на каня.

І паплыў, паплыў ён чорнай хмарай,

Вецер не дагнаў, хоць даганяў.

 

Конь спыніўся пад купчастым дубам,

Дзе смугой спавіты паплавы.

Яраслаўна плача:

— Родны, любы,

Чубам прытуліся да травы.

 

Падкасіла куля партызана,

На траве ляжыць. Трава ў крыві.

Яраслаўна дыхае на рану:

— Родны мой, харошы, ажыві...

 

З вейкаў на яго слязу скаціла,

Іскаркі душы перадала,

А яны былі такое сілы,

Што ад іх пакута адступіла,

Воіна магіла не ўзяла.

 

Іх любоў такое загартоўкі —

Не гарыць, не плавіцца ў агні...

Яраслаўна ехала ў Дуброўку

Разам з Яраславам на кані.


1976?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 50-51
Крыніца: скан