epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Ён з Бесядзі бачыў Гранаду

І
ІІ
ІІІ
IV


 

Шчасце ў працы, у светлым

Здзяйсненні надзей,

Шчасце ў тым, каб змагацца

За шчасце людзей.

Аркадзь Куляшоў

 

 

І

Цыганскае сонейка — месяц —

Купаецца ў роснай траве;

Плыве ён па рэчаньцы Бесядзь,

Па Млечнаму Шляху плыве.

 

Як буслік, хлапец каля рэчкі

Стаіць і глядзіць на агонь.

Кудлатаю белай авечкай

Разлёгся туман. Белы конь

Пафырквае цёпла ў дзятлоўнік,

Сляды капытоў на расе.

Конь чэрава сыта напоўніць,

Як бочку з лужка панясе.

Паедзе начлежнік

Ды ў грыве

Сагрэе ён рукі свае.

Цяпер жа агеньчык ігрывы

Яму цеплыню аддае.

Глядзеў на яго зіхаценне,

Успомніў малюнак такі:

У цёмнай яловай глухмені

Не могуць прабіцца праменні

Праз лапкі, смугу, хмызнякі;

Нібыта ў глухім сутарэнні,

Там нават сумуюць ваўкі;

Куваць там зязюля не хоча,

Там дзяцел няшчыра стукоча

Па чорным суку, па ствале;

Там толькі сава зарагоча

Ды сыч адгукнецца ў дупле.

Глухменю самота вартуе

Ды сум барадаты, даўгі.

І толькі агеньчык ратуе

Ад цёмнай паўночнай тугі...

Агеньчык такі дарагі

Я ў словах ягоных убачыў,

У шчырых ягоных радках,

У сэрцы юнацкім, гарачым,

У ясных, разумных вачах.

Ён быў у маім уяўленні

Прагалкам між пушчы глухой,

Палянкаю зорак, праменняў;

І травы і краскі на ёй

Жывуць у такім зіхаценні,—

Ну, проста няёмка нагой

Ступіць на суквецце...

Палянкай

Паэзія стала яго,

Напоўнена свежасцю ранка,

Дыханнем вятроў і маланкай;

Жывы чарадзейны агонь

Яе апраменьваў вытокі,

Яе гартаваў, гадаваў,

Узносіў на крылах высокіх,

Узлёт ёй імклівы даваў.

Пад сонца, пад зоркі, пад месяц

Паэзія шлях свой вяла,

Высокаю марай жыла...

Маленства паэтава —

Бесядзь —

Сардэчна і ціха плыла

Праз думку, і сэрца, і песню,

А ёй было ў сэрцы няцесна,

Прывольна ў шырокай душы...

На Бесядзь вятрыскі прынеслі

Маторную песню машын.

І трактар тады перакрэсліў

Плугамі журботу глушы.

На трактар глядзіць цётка Вольга

Бяжыць і крычыць аж да слёз:

— Загончык мой, вузкі, нядоўгі,

Схапіў і пайшоў! І панёс!..

 

Прыціхлая, сумная трохі,

У поле глядзіць ад варот.

Паэт ёй гаворыць: — Эпоха

Вядзе свой разумны паход.

 

І сам ён паходам натхнёны,

Узняты паходам з глушы,—

Раскройваў плугамі загоны,

Ён песняй самоту глушыў.

 

А песня — лугамі, палямі,

Па спелых сунічных палянах,

У песні сардэчнай чуваць:

— Загінуць гатоў, каб сялянам

Зямельку ў Гранадзе аддаць!..

 

Ён з Бесядзі бачыў Гранаду,

І тую ў Гранадзе Брыгаду,

Якая праз кроў і агонь

Ішла за народную ўладу;

На тых, у агні, барыкадах

Стаяла нянавісць яго;

Пякельным агнём апякала

Душыцеляў долі людской...

 

Самотна хмурынка стаяла

Над Бесяддзю — ціхай ракой.

 

Над ёй апярыліся крылы

Высокае мары яго;

Наліўся праменнаю сілай

Жывы Праметэеў агонь.

 

ІІ

«Мы жывём на граніцы»,—

Насцярожваў ён нас,

Хоць даспелых суніцаў

Быў тады мірны час;

 

Хоць у травах крынічка

Бегла ціха ў раку...

— Гэй, не спі, пагранічча,

Будзь заўжды начаку!

 

Хоць вялі нас дарогі

У жыццё новых дзён,

А ўжо нейкай трывогай

Быў ахоплены ён;

 

Адпраўляўся ў разведку,

Нібы чуў блізкі бой...

— Ранак, будзь жа за сведку,

Пойдзеш, ранак, за мной!..

 

Як байцу, таму ранку

Аддаваў ён загад:

— Каб варожыя танкі

Не прыйшлі к нашым ганкам,

Не прывезлі салдат,—

Дзе раку помніў розум,

Там азёры кладзі,

Дзе быў корч,—

Там бярозу

Ты з карча нарадзі;

Дзе яснела разлога,—

Пасцялі там туман;

Цемрашала чужога

Завядзі ты ў падман,

Шлях у нашу краіну

Перайнач, перайнач!..

Можа, ў бітве загінуў?

А ты, ранак, не плач.

Хай наш вораг паплача

Сам крывавай слязой;

Хай з аўчыначку ўбачыць

Неба над галавой!..

 

Ранак росны іскрыцца,

Разагнаў туманы.

Ясны час. Касавіца.

І стагі, як званы.

А ён чуў навальніцу,

Чуў яе перуны,

Хоць яшчэ па граніцы

Не стралялі яны;

 

Хоць яшчэ ранак яркі

За ракою касіў,

А ён з Бесядзі хмарку

Пасылаў і прасіў:

— Над узлескам, над борам

Праплыві, раскажы:

Я напоўнены горам,

Бо паўзе люты вораг,

Нібы змей, да мяжы;

Над лугамі, над жытам

Праплыві, абвясці:

Я маланкай абвіты,

Мяне гром ахрысціў.

Дарагая хмурынка,

Зразумей жа мяне:

Скора будуць зажынкі

У маёй старане.

Каб хаця не прынеслі

Ім чужынцы пакут.

Зажынковую песню

Слухаць я хачу тут...

Добры вецер,

вятрыска,

Зашумі, загукай:

З дымам, полымем, прыскам

Гора сунецца ў край.

 

У трывозе жыву я

За мой край,

За ўвесь свет...

Ладзіў сувязь жывую

З хмаркай,

з ветрам паэт,

Каб хаця не чапалі

Злыдні нашай зямлі,

Каб гарматы маўчалі,

Каб нямымі былі

Ненажэрныя жэрлы

Танкаў з моцнай брані.

Сеяў розуму зерні,

Шчыра мір бараніў,

Бараніў нашу працу,

Ход стваральных падзей...

— Шчасце ў тым,

каб змагацца

Нам за шчасце людзей! —

Гэты заклік разумны

Напісаў сэрцам ён...

Бралі змрочныя гуны

Наша шчасце ў палон.

 

Гул жалезны, сталёвы

Глушыць,

Душыць

Спакой;

На зялёнай дуброве

Лёг счарнелай смугой.

Месяц страшны, мядовы

На Хрысціну з жальбой

Пазірае, нудуе,

Разам з ёю бядуе

Найвялікшай бядой.

У Іванавай хаце

Ўжо Івана няма.

І не тая тут маці,

І не тою сама

Стала раптам Хрысціна,

Блекнуць вочы ад слёз.

Нібы тая каліна,—

Горкі сум,

Горкі лёс.

 

Б’юць з гармат недавяркі

Па жыццю маладым.

Магілёўскую хмарку

Ахінуў чорны дым.

 

Злыдні танкамі месяць

І свабоду і лёс;

Плача родная Бесядзь,

Саланее ад слёз.

 

Праз тугу пазірае

На пакуты паэт.

Яго сэрца рыдае,

У ім горычы след.

 

Як лісток адарваны

Пакідае свой клён,

Так, бамбёжкаю гнаны,

Дом пакінуў і ён.

 

Выйшаў з роднага Мінску.

Ах, балюча было:

Гора сумную рыску

На ілбе правяло;

Стала лапкай гусінай

Ля журботных вачэй;

Нейкай чорнай і сіняй

Скрухай сэрца пячэ;

Адабрала, забрала

Кепку і палітон;

Да вайны прапісала,

Да вайсковых калон,

Да смугі, пылу, дыму,

Да салдацкіх дарог...

«Родны край мой! Ісціму,

Не шкадуючы ног,

Не шкадуючы куляў

Для варожых салдат.

Для Радзімы-матулі

Стаць гарматаю рад.

Хай з мяне адкрываюць

Па прыблудах пальбу,

Хай агнём пакараюць

Злыдняў — нашу журбу.

Я загінуць гатовы

За Радзіму ў баю.

Чуеш, ранак вайсковы?

Слухай клятву маю:

Калі выбух трацілу

Перакрэсліць мой шлях,—

Я калінай з магілы

Прарасту, на руках

Уздыму зеляніну

Да яснюткіх нябёс,

Хай калыша каліна

Светлы дзень, новы лёс,

Дзе з маёю краінай

Гадаваўся і рос...»

 

ІІІ

Я не ведаў, дзе ён... Ці жывы?

Мо засыпаны недзе зямлёю?..

А ён — дзённік пісаў франтавы

Гневам, горам, слязою,

Шчырым сэрцам і шчодрай душой

І пакутнай блакадай...

Нарадзіўся нялёгкай парой

«Сцяг брыгады».

 

Гусі дзікія ў вырай плылі,

Журавы пакідалі балота.

Ён прыйшоў у рудым шынялі,

У запыленых ботах.

 

Учарнелы,

Змарнелы,

Худы,

Вельмі стомлены, небарача,

А вясёлы, душой малады,

У вачах іскры ясныя бачу.

 

— Ты адкуль?

Ты з-пад куль?

Ты з пярэдняга краю? —

У яго я пытаю.—

Ці надоўга ў Маскву?

— На сем дзён,—

Зняў пілотку з паблеклаю зоркай.

Пахне дымам і порахам ён,

І салдацкай махоркай.

 

Дастае ён кісет:

— Закуры,—

Круціць спрытна цыгарку.

— Што ў мяшэчку тваім?

— Сухары,

Да іх вершы мае, для прыварку.

Другі фронт у мяшэчку маім.

Разумееш? Тушонка свіная! —

Ён жартуе. Мне весела з ім,

Я душою яго абдымаю.

Я кажу: — Ты — жывы нейкі цуд!

«Ліст з палону» чыталі мы тут,

Многа гора, пакут

У лісце палымяным,

У дзяўчат-паланянак.

Піша ліст паланянка слязой:

«Любы мой!..

Развіталася сонца з зямлёй,

Пацямнелі дубровы...

З-за дубоў узыходзіць мой страшны,

мой месяц мядовы...»

 

— Страшны, братка, малюнак. Нуда.

Працінае бяда

І пякучая скруха...

Ён сядзеў, моўчкі слухаў,

Зноў мяшэчак малы завязаў,

Сіпавата сказаў:

— Прастудзіўся я трошкі:

Бамбёжкі, бамбёжкі

Заганялі ў халодны акоп,

Прыціскалі ў балоце сцюдзёным.

Там, бывала, ляжаў, як той сноп,

Там пісаў гэты дзённік.

У ім многа пакуты і слёз,

І мужнасці нашай Брыгады,

Якую спаткаў горкі лёс

Варожай блакады...

 

Я чытаў: то — па сэрцу мароз,

То — пякельная спёка,

То — балюча, шчымліва да слёз,

То — ўзлятаю высока.

 

Я чытаў, а нянавісць мая

Пад бамбёжкай ішла

па лугах і гаях,

Па варонках, па ямах.

І нібыта я сам у пякельных баях,

У агні я таксама.

Я па прыску іду,

Я іду па вайне,

Па крывавых разорах.

Апякае мяне,

Прыгнятае мяне

Ўсенароднае цяжкае гора.

 

І нібыта не ён —

Я іду за шалаш

Слухаць зводку на сумным узгорку.

Чую: горад пакінулі наш.

«Стане крыўдна і горка.

Што ты скажаш, вавёрка?..»

 

А што можа сказаць яна мне?

Мне нічога вавёрка не скажа...

Я па смутку іду,

Я іду па вайне,

Па яе галавешках і сажы.

 

Не плугамі ўзарана зямля,

А бамбёжкаю лютай.

Пачарнелы я сам, як ралля,

Ад балючай пакуты.

 

Бачу: хлопчык з дубровы бяжыць

Па траве, па мяжы

Да байцоў, што выходзяць з блакады,

Што выносяць святыню Брыгады —

Сцяг пачэсны, высокі...

— Э, хлапчук сінявокі,

Ты адкуль?

— Я — здалёк.

— А як зваць цябе?

— Васілёк,

У дуброве збіраю я дровы,

Каб спячы хоць бульбінку,

Бо няма ж і сухое скарынкі.

— Во, бяры, укусі хлеба, сынку...

А ў яго «слёзы сыплюцца... пацяклі,

Пакаціліся самі

Па сухой траве, па зямлі

І па сэрцы маім

Таксама».

 

Валакуся, брыду па вайне,

Па слязах і пакутах аселіц...

Што такое? Пачулася мне?

Ці сапраўды вяселле?

Вяселле!

 

Нейкі злыдзень замшэлы Мядзведскі,

Паслугач і падлізнік нямецкі,

Бярэ ў жонкі пагрозай дзяўчыну,

Пад пагрозаю бацька іграе.

Скрыпка плача, галосіць і ные,

Плача бацька, нібы на чужыну

Ён дачушку сваю адпраўляе...

 

Горам, гневам і бурай

Напісаў ён паэму ў акопе.

Вельмі быў я абуран,

Калі нейкі зласлівец і дурань

Гаварыў пра яе недахопы:

— То даўжэнькі радок,

То куртаты,

Ну, навошта ён ломіць, сваволіць?

 

А Твардоўскі сказаў:

— Бюракратаў,

Іх замшэлую форму ён ломіць!

Гладкапісу рашучы даў бой,

Паламаўшы застыласці рогі;

Ён народнай паэмай сваёй

Пракладае дарогі

Да народных крыніц, да глыбінь,

Дзе жывуць самародкі...

Ты маўчы! Ты пакінь

Пра даўжэнькі радок,

Пра кароткі!

Прыгадай, як хлапчук папрасіў

Хлеба, як укусіў

І пабег басаногі па ямах?..

Цёмны лес галасіў.

І паэт галасіў.

Я — таксама.

Пакланіцца паэту хачу

Ды абняць па-сяброўску...

Я вялікую радасць адчуў,

Як абняў яго шчыра Твардоўскі.

— І Купалу люблю,— ён сказаў,—

Сына братняй маёй Беларусі.

І паэма твая, як сляза,

І табой ганаруся.

Да сябе ты мяне прывязаў,

Да цябе я душою гарнуся...

 

За сяброўскай вячэрай яны,

Адной долі-нядолі сыны,

Як браты, поплеч, доўга сядзелі,

Гаварылі і пелі.

Прызнаваўся Твардоўскі:

— Сябры,

Я люблю вашы шчырыя песні

З нейкай ціхай журбінкай,

Як зязюльчыны вашы бары,

З нейкай яснай іскрынкай,

Як лужок ранкам веснім.

Бачу ў песнях народа душу...

Дарагія, сябры, я прашу,—

Заспявайце:

— Ой, рана, на Йвана...

Пачынай жа, Аркадзь! Падпяю,

Прыгадаю народныя словы...

І ён сэрца сваё,

І ўсю шчырасць сваю

Перадаць хацеў песні не новай,

А старэнькай, якую спявалі дзяды,

Іх дзяды і бабулі...

Наш паэт быў тады

І пашанай, і ласкай атулен.

А віхурнай, марознай зімой,

У халоднай кватэры сваёй

Прыласкаў Куляшова Асееў,

Гаварыў: —А мы сеем сабе, а мы сеем,

Як пісаў ваш вялікі Купала...

Палюбіў я «Прыгоды цымбалаў».

Даражэнькі, даўно я прыкмеціў,

Той агеньчык, які ярка свеціць,

У душы вашай шчодрай жыве.

З даваеннай дэкады ў Маскве

Бачу воблачка тое,

Што трапеча, трапеча, жывое,

У рацэ

І ў руцэ;

Яно ў сэрцы маім з той часіны

Б’ецца рыбкай жывой...

Вы — паэт! Чарадзей! Салаўіны

Голас ваш, найшаноўнейшы мой!..

 

Пасівелы, рухавы і ветлы,

І з натхнёнасцю нейкай юначай,

У вачах і разумных і светлых —

Я душу яго ясную бачу.

 

Дабраты ў ёй пяшчотнай нямала,

Прамяністасці свежай, вясновай...

— Мнагазвучныя вашы цымбалы,—

Кажа ён Куляшову.—

Дарагія мае беларусы,

Не бываў яшчэ я ў вашым краі.

От прыкончым вайну — дабяруся,

Хай і мне там цымбалы пайграюць...

І, здаецца, адразу я вырас,

За Аркадзя я рады быў вельмі.

Цеплыню ўстрэчы шчырае вынес

На мароз і на вецер мяцельны.

 

Мы — ішлі.

Снег скрыпеў

І рыпеў

Пад нагамі на белай дарозе.

І нібыта ён пеў,

Добра пеў

У Маскве,

На маскоўскім марозе.

 

IV

Ад куляў дзірачкі сасна

Загойвае смалою,

Пастуквае, звініць вясна

Сякерай і пілою.

 

Зрадніўся зноўку родны свет

З работаю харошай...

Чарэмшыны бялюткі цвет,

Як свежая пароша,

 

Па небе воблачка плыве,

Па Бесядзі таксама.

Усё жывое зноў жыве,

Бяда — ў магільных ямах.

 

Капаў і ён, паэт, бядзе

Магілу найглыбока...

Жыццё ідзе, і ён ідзе,

Прыкмеціў: колас ноч і дзень

Свае ганяе сокі.

 

«Ні днём, ні ноччу ад турбот

Спакою ён не мае.

А раніцою з твару пот

Ён сонцам выцірае».

 

Як добры колас, так паэт

Працуе і шчыруе.

Смуга агорне родны свет —

Паэт душой гаруе.

 

Не ранак той,

Што за ракой

Ішоў тады ў разведку,—

Я сам сягоння сведка,

Сваёй уласнаю рукой

Пішу, даю даведку:

 

Яшчэ жаўрук спіць пад мяжой

І жаўруковы дзеткі,

Пастух асіплаю трубой

Не пабудзіў палеткаў,

Не стукнуў дзяцел гучна ў ствол

І не разлушчыў шышак,

А ён, паэт, прысеў за стол,

Ён — думае,

Ён — піша.

 

Адзін радок,

Другі радок

Кладзецца на паперы.

Сінее змрок,

Бялее змрок,

Плыве кудлаценькі дымок

Ад папяросы ў дзверы.

 

Яму сказалі дактары:

— Шаноўны,

нельга вам курыць,

Не дазваляе сэрца,

Курыць — падобна смерці...

О, колькі бур і навальніц,

І слёз яно ўмясціла!

Таму шчыміць,

Таму баліць,

Але жыве ў ім сіла;

 

Яго агеньчыка гады

Ні хмарай чорнае нуды,

Ні глыбай цяжкаю бяды

Не задушылі! Свеціць,

Жывы, яскравы, малады,

Як сад вясновы ў цвеце.

Жывым агеньчыкам паэт

І сёння піша творы.

У іх жыве шырокі свет,

Яго лясы, азёры,

Хрыбты, цясніны, горы,

І радасці, і гора,

І спеў машын,

І гул шашы,

Апрануты вятрамі;

У творах выбухі душы

Бушуюць, як цунамі,

 

Бушуюць, быццам ураган,

Яны —

Высокай пробы,

Яны хістаюць акіян

І гмахі небаскробаў;

 

На бомбу страшную яны

Сваё наклалі вета,

Каб самай лютае вайны

Не ведала планета;

 

Каб на зямлі быў добры лад,

Не шчэрыў голад зубы,

Каб колас жменю даў зярнят,

Каб жолуд вырас дубам...

 

Суніцаў час...

Ідзе паэт

Пад сонейкам гарачым,

Свой першы след,

Юнацкі свет

Над Бесяддзю зноў бачыць.

 

І тыя ж конікі ў траве

Развесілі званочкі;

Дзяўчаты, цёткі на жніве

У беленькіх сарочках;

Зязюлін смутак зноў плыве

 

За Бесяддзю ў лясочку.

І дружбакоў

І землякоў

Паэт страчае шчыра;

Калісьці з імі кулакоў

Ён пасылаў «у вырай».

 

А дзе ж Алесь, былы дружбак,

Хлапец з душой іскрыстай?

Калі кручка не браў шчупак,

Дык абзываў тады зямляк

Яго апартуністам.

 

А дзе ж Аніс, вясёлы хват,

Што рокатам матора

Хістаў стары, кудлаты лад,

Кулацкія пячоры?

 

А дзе ж Алеся? Дзе яе

Чырвоная касынка?

Яшчэ, магчыма, запяе

Дзяўчына на зажынках?

Яшчэ, магчыма, прамільгне

Касынка ў жыце зоркай?..

Пайшоў, прылёг ён у гумне

На сене... Трошкі горка,

Самотнаму, на сене тым,

Пад шэраю страхою.

Шчабечуць ластаўкі над ім,

А ён у млявай мроі

Плыве, паціхеньку плыве,

У сне нібыта чуе:

«Аркадзь, юнацтва тут жыве,

І днюе і начуе».

— Ідзі сюды! — яно заве,—

З табой пабыць хачу я.

Шчака — ў шчаку,

Рука — ў руцэ

Мы пойдзем зноў з табою;

Падчэпім плотачку ў рацэ

І воблачка жывое;

Агеньчыка лягенькі дым

Пасцелем на зацішак;

Падышам ельнікам адным,

Смалой мядзвяных шышак;

Вясной паслухаем глушцоў,

Пабачым такавішча;

Свісцёлкі выражам з дубцоў,

Нібы шпакі засвішчам;

Паедзем зноўку на начлег,

На паплавец, на ўзлессе;

Пачуем там вясёлы смех

Прывабнае Алесі;

Яе касе,

Яе красе

Зайздросцілі, бывала,

Дзяўчаты ўсе і хлопцы ўсе,

Яна цябе кахала;

Гармонік рыпне, павядзе

Ў сяло на вечарынку.

Аркадзь, не спі! Аркадзь, хадзем

Знаёмаю сцяжынкай

У наш вясёлы новы клуб,

На дыспуты з папамі,

Дзе бралі мы Хрыста за чуб

З цярновымі вянкамі,

Дзе першым вершам пілаваў

Замшэлую дрымоту,

Дзе сэрца ты замілаваў

Натхнёнаю работай...

 

Устаў. Ідзе. Мурожны шум

Пакінуў за плячыма.

Глыбокі роздум. Лёгкі сум,

Як подых аблачынак.

Плывуць перад вачыма

Малюнкі светлых, горкіх дзён,

Нядаўніх і далёкіх.

І толькі ўперад крочыць ён,

Назад не зробіць кроку.

 

Да ясных новых берагоў,

У свет без рабства і багоў,

Без бомбаў, без трацілу —

Нясуць імкліва крылы.

Душой шырокаю паэт

Абняў жыцця грамады,—

Таму відаць яму Сусвет

І з Бесядзі — Гранада.

 

Жыве, паўнюткі дабраты,

У кожнай красцы, гронцы,

Нібыта колас залаты,

Твар выцірае сонцам.

 

Зіхціць яно ў яго душы,

Ў яго вачах іскрыцца...

— Сынок, ты пішаш? Ну, пішы,—

Прыціхлая, садзіцца

Матуля шчырая на ўслон,

Глядзіць яна на сына:

«Мо сырадою б выпіў ён?

Мо з’еў бы ён маліны?

Любіў жа некалі сынок

Піць сырадой уранку...» —

На стол паставіла збанок,

Карэц маліны, шклянку.

 

— Сынок, ты сёння не пішы:

Рука твая самлела...

Ад шчырай ласкі на душы

У сына зашчымела.

 

«Ах, маці, маці... Колькі ў ёй

Пяшчоты чалавечай!» —

І ён прачулаю рукой

Абняў яе за плечы,

 

Сказаў старэнькай: —Дапішу,

Як вып’ем той гладышык.

— Ага, сынок. Бяры. Прашу.

Яшчэ, сынок, дапішаш...

«Схаваць бы гэты алавок,

Усю паперу гэту.

Яны, як нейкі ланцужок,

Яго трымаюць. Мой сынок

Не ўбачыць летам лета».

 

Ідуць суседзі, землякі:

— Паэт, у хату пусціш?..

Ягонай стомленай рукі

Ім не шкада чамусьці.

 

Стары гаворыць: — Напісаў

Ты кніг, зямляк, нямала...

Ты б рукавы, брат, закасаў

Ды напісаў удала

Пра пчолак нашых, пра мяне —

Даю жывую тэму...

— А што ж? У гэтай галіне

Пчаляр наш — акадэмік! —

Хваліў яго другі стары,

Каваль шыракаплечы,—

Ты б нашы ў кнігу трактары

Уставіў, чалавеча?

Чаму маўчыш? Ты гавары.

Уставіш? Згода?

— Згода!..

— Пішы, суседзе. Убяры

Душой жыццё народа.

Ты — наш надзейны Дэпутат,

Нясеш пачэсна службу...

І ён, паэт, быў вельмі рад

Такой сардэчнай дружбе.

 

Выходзяць з хаты дружбакі,

Ідуць на сенакосы.

Ляжаць радкамі ля ракі

Завялыя пракосы.

 

Ад іх мядовы дух плыве,

Нібы ад цёплых сотаў...

— Пабыць ахвота на жніве?

— Вялікая ахвота! —

Аркадзь адказваў землякам.—

Любіў, люблю зажынкі...

Падумаў: «Можа, ўбачу там

Чырвоную касынку?

Алесю-сірацінку?

А ці пазнаю там яе?

Вядома — пастарэла...»

І штосьці ў сэрцы зноў пяе,

І штосьці зашчымела...

Няма яе паміж кабет,

Не жне Алеся жыта...

— Сядай, зямляк! У нас — абед!

Да беражкоў наліты

Падносіць кубак малака,

Падносіць хлеб, вяндлінку,

Частуе шчыра земляка

Жняя, як журавінка,

Гаворыць: — І дажынкі

З табою справім! Па руках?

Дапамагай жанчынкам!

І свецяцца ў яе вачах

Вясёлыя смяшынкі.

 

Пад грушай-дзічкаю прысеў

Зямляк у прахалоду.

Адчуў, убачыў: рады ўсе

Ягонаму прыходу.

Падумаў: «Можа, занясе

Мяне ў мае прыгоды

Ракета мудрая на Марс,

Або на ясны Месяц?

І там я, родненькія, вас,

І нашу рэчку Бесядзь —

Шаноўна ў сэрцы пранясу

Ў халоднай стратасферы.

Вярнуся ў гэтую красу,

На гэты ясны бераг,

Да гэтых спелых каласоў,

Да песні зажынковай.

Без вашых родных галасоў —

Няма і песні новай...»

 

Быў рад саюзу светлых душ

І палымяных сэрцаў...

— Жывую сувязь не паруш! —

Крычыць зямля, здаецца.

Гатоў абняць шырокі свет

Людзей харошых, родных...

Ідзе жыццё,

Ідзе паэт...

 

Пакінуў ён глыбокі след

У Памяці народнай.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 68-91
Крыніца: скан