epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Юнацтва

Будзь са мной на паверцы,

Зорку шчасця лаві;

Ты, юнацтва, да смерці

Ў маім сэрцы жыві.

 

Ні табе ў ім няцесна,

Ні тваёй светлай песні,

Ні журбінцы тваёй.

Нам бярозы прынеслі

Маладою вясной

Светласць, нібы бяроста,

Пад якой ходзіць сок.

Шуганула ты ростам

Аж да белых аблок.

Ах, нялёгка, няпроста

Пачынаўся твой крок

На дарозе вялікай

У прастор, за сяло;

Падпяразана лыкам

Ты, юнацтва, было;

 

Ты пад слотай кувела,

Мерзла снежнай зімой;

Трошкі ты пасівела...

— Я з душой маладой! —

Яно горда сказала.—

Мне старэць не пара;

Папялінкай не стала,

Не пагасла зара

Майго яснага шчасця,

З ім іду на гару;

Я адкрытая насцеж

І святлу, і дабру;

Я гару, не згараю,

Мне не сніцца спакой.

Руку дай! Зноў да гаю

Пойдзем разам з табой;

Дзе глушцоў такавішча,

Бульбу ў прыску спяком;

На свісцёлках засвішчам,

Станеш зноў юнаком.

Пойдзем?

— Пойдзем!..

Паверце:

Я на юнай паверцы,

Іскры, іскры ў крыві...

Ты, юнацтва, да смерці

Ў маім сэрцы жыві!

Я юнацтва ў магілу

Не вазьму: цесна там.

Яго песню і сілу

Я жывым перадам.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 79-80
Крыніца: скан