epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Карасі

Там, дзе поплаў чорны галасіў,

Дзе варонка заплыла вадою,—

Прыжыліся добра карасі,

Плаваюць чародкаю ляною.

 

Тлустыя, як царскія чыны!

Карасям — ні працы, ні турботы.

Торкаюцца рыльцамі яны

У траву ды ў бросню між чароту.

 

У пажоўклай, ціхенькай вадзе

Нагулялі, млявенькія, тлушчу.

Як гаворыцца, жыццё ідзе,

Бомбамі яго не ператрушчаць...

 

Чарпані кашом,

бяры рукой

Гладкіх таўстуноў...

Падсмажвай, жонка!..

Ведаем: народжана вайной

Гэта карасіная варонка.

 

Вось чаму так цяжка да яе

Падыходзяць нашы рыбаловы:

Успамінам горкім паўстае

Час далёкі.

Страшны і суровы.


1977?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 29
Крыніца: скан