epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Ключы-чарадзеі

Полем, лугам, праз бары,

Сцежкай праз бярэзнікі —

Адыходзіў год стары,

А прыходзіў рэзвенькі,

Яснавокі, малады,

Заплікнёны зоркамі,

Запытаўся ён тады:

— Ты куды, стары?

— Туды,

У будан за ўзгоркамі.

— Не спяшайся!.. Перадай

Навагодні каравай,

Ды на беленькіх садах

Снегіры, як зорачкі.

І тады твой лёгка шлях

Пабяжыць за горачку.

 

— Не ўцякаю.

Памаўчы.

Сам жыццём навучаны...

Забірай мае ключы,

Чарадзеі-ключыкі!

 

Без ключоў пайду. Засну.

Я старэнькі, кволенькі...

Адамкнеш вясну-красну

Гэтым, што зялёненькі.

 

— Забіраю!

— Забірай.

Рады твайму голасу!

Гэтым лета адмыкай,

Што падобны коласу.

— Забіраю!

— Забірай! —

Даў рукой умелаю.—

Гэтым восень адмыкай,

Ключ, як вішня спелая.

 

— Забіраю!

— Забірай.

Ён таксама ўмеленькі.

Гэтым снежань адмыкай,

Ключ, як снежань, беленькі...

 

Год стары аддаў ключы.

Чарадзеі-ключыкі!

Маладому.— хоць скачы,—

З радасцю заручаны!

 

З хаты — ў хату,

з дому — ў дом

Ён заходзіў ветліва.

Абдымала за сталом

Доля наша светлая.

 

Маладога і мяне,

Добра пасівелага...

Год стары ў тым будане

Спаў да ранку белага.

 

А чаму ж? Няхай сабе

Адпачне за горкаю.

Ахінуў мяне, цябе

Сонейкам і зоркамі.

— Праўда?

— Праўда! —

Малады

 

Адказаў са шчырасцю.—

Дзе прайду я — гарады,

Вёскі, сёлы і сады

Там павінны вырасці!

— Верыш?

— Веру!..

Ён і я

Ў згодзе парадніліся.

Вежы роднага Крамля

З намі заручыліся.


1977?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 57-59
Крыніца: скан