epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Колас

Я песні даў пяшчотны голас,

Напоўніў шчырасцю яе.

У ёй прарос жытнёвы колас,

Смуткуе колас і пяе.

 

Пра што пяе?..

Паслухай сэрцам,

Яму згадаць усё дазволь.

У песні — нашае бяссмерце,

Вялікі сум, пякучы боль

Тых дзён, калі на поўны голас

Закутак гэты галасіў;

Каб вырас новы жытні колас,—

Салдат у гільзы ўрос па пояс,

Зямлю крывёю арасіў,

Уласнай смерцю

смерць скасіў.

 

У полі жыта зноў красуе,

Не знаўшы гора і бяды,

Ды каласамі галасуе

За нашы светлыя гады;

 

За нашы мары і надзеі,

За поўнае здзяйсненне іх...

Здаецца, сам я маладзею

Паміж калоссяў маладых.


1977?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 32
Крыніца: скан