epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Крыкун

— Люблю я зямельку! —

Пастукаў рукой

У грудзі, як быццам у бубен.

А ты запытаўся ў зямелькі самой,

Ці трошкі цябе яна любіць?

 

Зямля цябе корміць і поіць цябе,

Дае палітоны і боты.

А ты пабываў на сяўбе,

на касьбе,

Рабіў у ахвоту да поту?

 

— Люблю я радзіму! —

Як таркай, шкрабе

Па сэрцах.— Люблю штогадзіны!..

А ты запытаўся, ці любіць цябе

Вялікая наша Радзіма?

 

Яна табе, шчодрая, шчасце дае,

У радасці можаш купацца.

А што ты такое зрабіў для яе,

Каб так перад ёй выхваляцца?

 

Не будзе дасціпны, сумленны трубіць:

— Глядзіце: такі я адзіны!..

Спакойна і шчыра той будзе рабіць,

Хто любіць зямлю і Радзіму.


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 70
Крыніца: скан