epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Лесарубы

— Чаго тут ходзіш?

— Выбіраю

Я на труну сабе сасну.

— Памрэш?

— Яшчэ не паміраю,

Вясной наступнаю засну.

— Чаму вясной, а не зімою?

Па снезе лёганька плысці.

— Мароз не пусціць за труною

Цябе на могілкі ісці.

 

Жартуе ён ці праўду кажа?

Я пазіраю на яго:

Высокі ён,

а плечы ў сажань,

Асілак! Нудзіцца чаго?

 

— Жартуеш, друг!

— Якія жарты!

Нахмураны, злуецца ён.—

Даўно мае згулялі карты,

Даўно жыццю аддаў паклон.

 

А можа, ён і не жартуе?

Прайшоў даўгі,

нялёгкі шлях.

Магчыма, смерць ужо вартуе

Яго ў наднёманскіх кустах?

 

— Я падзялю кавалак хлеба

З табою, друг мой, напалам.

Здароўе трэба, сіла трэба?

Вазьмі! Табе ахвотна дам!

— Табе твае патрэбны сілы,

Яшчэ не вельмі ты стары.

Цябе твае чакаюць пілы,

Цябе чакаюць тапары.

 

Прыкмеціў я: маю павагу

Ўлавіў душою чалавек.

Сказаў: — А я ў труну не лягу

Яшчэ не кончыўся мой век.

Давай пілу! Павалім дуба!

Ён стане шулай у гумне!..

 

Абняў я шчыра лесаруба,

Абняў таксама ён мяне.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 43-44
Крыніца: скан