epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Летняя сімфонія

Вясёлай, шумнаю хусцінай

Накрыла лета беразняк.

Ён свіснуў песняй салаўінай,

Заракатаў ён песняй так,

Што дуб стары кудлатым чубам

Падмёў хмурынкі з сінявы;

Шумеў лістамі: — Ах, як люба,

Калі бушуюць паплавы.

Я пражыву яшчэ нямала:

Сем соцень лет,

Сем соцень зім...

Каліна з дубам заскакала,

Бярозанька запела з ім:

— А мы ж у поўнай нашай сіле,

У маладой сваёй красе!..

На луг зялёны, жоўты, сіні

Пабеглі песні па расе;

Расы і сонца напіліся —

Іх пазванчэлі галасы.

І нават песняй наліліся

Трава і жыта каласы,

У садзе яблыкі і грушы,

І звон зязюльчыных бароў,

І нашы сэрцы, нашы душы,

І гул маторных песняроў.

Яшчэ ніколі і не чулі

Такой сімфоніі вякі.

І быў я радасна расчулен,

Мае сябры і землякі.

Старыя нават маладзелі:

У кожнага душа пяе.

Нібыта радугу надзелі

Яны на лысіны свае.

Сімфонію іграла лета,

Скакалі поле, сенажаць...

Гатоў абняцца з белым светам,

Яму гатовы перадаць

Душы іскрыначку жывую,

Душы прачуленай агонь,

Яму і сэрца падарую,

Усю сімфонію яго.

Хай свет у горы не заплача,

Хай не спаткаецца з нудой...

З калінай дуб вясёлы скача,

Пяе з бярозай маладой.


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 25-26
Крыніца: скан