epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Любоў і нянавісць

Нібыта павук павуцінне,

Цянёты пачвара снуе,

На шыю ён вам іх накіне,

Зацісне цянёты свае.

 

Такіх павукоў сёння мала,

Але яшчэ ў нас яны ёсць.

Хачу, каб зусім іх не стала,

Каб нас не кусала іх злосць.

 

А я па натуры рахманы,

Але і не добранькі я:

Таго, хто з душою паганай,—

Апаліць нянавісць мая;

 

Таго, хто сплятае цянёты,

Хто сэрцы хлуснёю шкрабе,—

Яго перуновай грымотай

Нянавісць мая разаб’е.

 

А я па натуры нязлосны,

Жыву і дружу з дабратой.

Аддаў бы я краскі і вёсны

Таму, хто з харошай душой.

 

Нянавісць у бой пасылаю,

Хай скосіць пачвар у баю:

Любоўю людзей атуляю,

Святую любоў аддаю.


1976?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 54
Крыніца: скан