epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Мацярынскі запавет

— Многа дарог у белы свет,

А на іх слядоў нямала.

Пакінь і ты свой добры след! —

Маці мяне павучала.

 

А прайшоў я многа дарог,

Як гавораць, дзякуй богу.

А матулю хатні парог

Не пускаў у дарогу.

 

Прала, ткала, добра шыла

Мне рубашку і кашулю,

Ды пагукала магіла

Злядашчэлую матулю.

 

Бацьку майго не старога,

Мужа свайго там спаткае...

Хай бяжыць мая дарога,

Ад могілак уцякае!

 

Як гаворыцца, клінам свет

Не сышоўся. Спраў нямала...

— На шляху пакінь свой добры след! —

Маці мяне павучала.

 

Пасівелі мае гады,

Дык яны ж немаладыя.

Іду, пакідаю сляды,

А ці тыя, ці тыя,

Якіх маці чакала?

— Тыя! —

Магіла сказала.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 50
Крыніца: скан