epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Мая жар-птушка

Развага сэрца ўскалыхне —

Хвалююся тады я,

Калі пытаюцца ў мяне

Гады немаладыя:

 

— Ці ўсё зрабіў?

— Усё, што змог!

— Ой, хвалішся замнога.

— Дык многа ж пройдзена дарог.

— А ёсць яшчэ дарога.

— Куды? Магчыма, на пагост?

У жвір маёй магілы?

— О, не! Не кончыўся твой рост,

Не вычарпаны сілы.

Жар-птушку ты схапі за хвост,

Схапі яе за крылы!

— А дзе жар-птушка?

— Тут і там!

Знайдзі, злаві, пагушкай...

 

Яе даўно злавіў я сам:

Паэзія — жар-птушка!

Яна ў душы маёй пяе,

Спявае ў маім сэрцы,

Ім шчыра голас аддае...

Не верыце? Праверце!


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 49
Крыніца: скан