epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Маленства

Як па мосце трактар,

гром праехаў

Па калінах, вербах над ракой.

А я бег, лавіў лясное рэха,

Я хацеў схапіць яго рукой.

А яно кацілася арэхам

Праз арэшнік сцежкаю лясной.

 

Я гукнуў: — Пастой!..

Яно гукнула:

— Дагані, маленькі, дагані!

І напоўніла вясёлым гулам

Кожную бярэзіну ў гаі.

 

Да бяросты я прыкладваў вуха,

На ёй слёзкі светлае расы.

І тады душою я падслухаў

Галасы... Жывыя галасы

Падхапілі, лёганька панеслі,

Ціха зашумелі верасы,

Калі збягалі ў сэрца песняй

З-пад бяросты тонкай галасы.


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 6
Крыніца: скан