epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Музыка

Яна жыла ў ствале яловым,

Была яна нямою век.

Ёй перадаў жывыя словы,

Душу жывую чалавек.

 

Ён далікатненька пастукаў

Па елцы цёмнай абушком,

А з-пад кары пабеглі гукі;

Нібыта струны пад смычком,

Запелі тоненька галіны,

Кранулі сэрца галасы.

І майстра звонкую яліну

Зваліў на мох,

на верасы.

 

Часаў сякерай ды рубанкам

Ды гэблікам ён габляваў;

Пацеў да вечара ад ранку,

Душы пяшчоту аддаваў

Таненькім дошкам,

каб запелі,

Каб сталі музыкай жывой.

Яны пад сонейкам пацелі

І халадзелі пад страхой.

 

Лягенькімі,

нібы пярынкі,

Чысцюткімі,

нібы іскрынкі,

Дашчэчкі...

Добра майстраваў!

Душы напеўнае жарынкі

У скрыпку майстра перадаў.

 

Зайграе — скачуць лугавіны

І салаўіны беразняк...

Казалі, нават Паганіні

На ёй іграў...

Магчыма, так?


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 23-24
Крыніца: скан