epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

На абрусе сонца я нясу

Вунь патронаў гільзы, нібы шышкі,

Жоўтыя, мядзяныя ў траве...

Дні вайны гартаю, нібы кніжку,

Горкі час у памяці жыве.

 

Мне страхой былі густыя лапкі

На старой, замшэлай яліне;

Мне былі пасцеляю ахапкі

Рыжае саломы ў будане.

 

Столікам у ім быў пень яловы,

А бяроста лістам мне была.

Помста выкрасала ў сэрцы словы,

Як салдат, на бітву іх вяла;

 

Іх свінцовым градам не скасілі,

Не забілі злыдні на вайне...

То зялёным колерам, то сінім,

То чырвоным зноўку свецяць мне

Светачы вялікае Расіі,

Светачы ў бацькоўскай старане.

 

Іх святло, цяпло

пяшчотнай ласкай

Сцелецца у сэрцах у людзей...

Паглядзіце: май нясе нам краскі,

Пад высокім сцягам ён ідзе.

 

І далей, далей вядуць дарогі

У жыццё, што поўніцца

красой...

Трыццаць год вялікай перамогі

Мы святкуем з роднаю Масквой.

Толькі трохі сэрцу сумнавата:

Мёртвыя не ўбачаць гэтых дзён...

Не прыйсці сябрам на наша свята,

Бо не пусціць іх курган гарбаты,

Не адпусціць іх магільны сон.

 

Дарагім і родным немагчыма

Выйсці, паглядзець на яблынь цвет.

А таму і іхнімі вачыма

Трэба нам глядзець на белы свет;

 

Заплятае песню май у краскі,

Абвівае сонейкам людзей.

А на сэрцы лёганька і ясна.

Родны свет — мне друг і дабрадзей.

 

І гатовы шчыра я пакласці

Сэрца маё ў песенны букет.

Большага няма на свеце шчасця,

Як абняць душою родны свет;

 

Як жывыя іскры, сэрца іскры

Высяваць у ясную красу...

Дарагія людзі!

Дальнім, блізкім —

На абрусе сонца я нясу.


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 72-73
Крыніца: скан