epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

На сходзе бусліным

Глядзі! З-пад елкі, з-пад асіны

Бягуць грыбы ў лазовы кошык.

Зляцеліся на сход бусліны

Буслы на шэрую пакошу.

 

— Пара! —

Важак стары клякоча,—

Пара праверыць нашы крылы...

А малады к яму падскочыў:

— Маўчы! Яшчэ не затрубіла

Ў трубу сцюдзёным ветрам восень,

Гарыць чабор блакітным цветам;

Яшчэ атаву людзі косяць,

Яшчэ тут бабінае лета;

 

Туман, як белая авечка,

Ляжыць на поплаве, а рэчка

Бяжыць, агністы ліст калыша...

 

На сходзе шум, на сходзе спрэчка,

Стары важак з чародкі выйшаў;

 

На купіне, як на трыбуне,

Ён стаў, цыбаты, і клякоча:

— Калі наеўся заяц руні,

Калі лаза азябла ўночы,

А ранкам шэрань на бярозе,

А пад нагою хрусткі лісцік,—

Укусіць першы нас марозік,

Другі мароз нас будзе грызці.

Пара!.. Цяпер вы зразумелі?

Маім паверылі прыкметам?

— Пара!

— Пара!

Буслы ўзляцелі;

На крылах бабінае лета

Нясуць над поплавам, над борам

Над зыркім полымем каліны;

Дарогай млечнаю за мора

Плыве, плыве шнурок бусліны.

 

І трошкі сэрца мне сціскае

Шчымлівы голас развітальны.

І трохі ўцешан — пагукае

Вясна прылёт з краіны дальняй;

 

Пакліча клёкатам бусліным

Вясна пралеску ў засень гаю...

Буслы! Чакаюць вас даліны.

І я таксама вас чакаю.


1976?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 35-36
Крыніца: скан