epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

На вяселлі

— Калі, сват, гарэлкі не дасі,—

— Маладзіцы пелі за сталом,—

— Караваю трасцу ты з’ясі,

Мы цябе прагонім памялом!..

 

Маці зацягнула, завяла,

Трошкі спахмурнелая ў журбе:

— Ты ж, дачушка, гэтакай была,

— Як расінка ранкам на вярбе.

— Уцякаеш з роднага сяла.

Можа, я прагневала цябе?

 

— Не уцякаю, мама, не бягу,

— Угнявіць, пакрыўдзіць не хачу.

Без майго саколіка не магу,

Да яго саколачкай лячу.

 

— Ты ж паплач, крывіначка мая,

Хоць адну слязінку падары.

— Не магу...

Пачула добра я:

Коні заіржалі на двары

Ды званкамі клічуць на вазы,

Як званок, душа мая пяе...

— Поўны воз, дачушка, павязі

Ласкі мацярынскае мае.

 

— Павязу, шаноўна павязу

Дабраты твае паўнюткі воз.

Толькі развітальную слязу

Пракаўтну... Не трэба, мама, слёз...

Паплыло вяселле, паплыло

Песнямі, званкамі за бары;

Тапаліным пухам замяло

Шчырую матулю на двары.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 48-49
Крыніца: скан