epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Народзіны

Яшчэ мароз гуллівай пстрычкай

Па хвоях шчоўкае ў бары;

Пад стрэхі туляцца сінічкі,

У стог саломы снегіры

Хаваюцца ад халадзіны,

У стозе грэюцца яны.

А дзяцел грукае ў яліны,

Яліны — гулкія званы —

Вясну завуць працяглым звонам.

А ён, як мудры чараўнік,

Картавы голас даў варонам,

Гукаюць месяц сакавік.

Вароны з кожнага падворку,

Са сметнікаў... А снегіры

Чырванагрудыя, як зоркі,

Вясновым шышкам у бары

Іскрысты колер падарылі,

Удзячны шышкі снегірам...

Барозны люлькі закурылі,

Дымком віецца пара там;

 

Там праснаваты, кіславаты,

Густы, настоены духмян.

Нібы з яечкаў кураняты,

З раллі праклюнуцца зярняты...

Бушуй, зялёны акіян!

 

Сажне, змалоціць лета ніву,

На стол буханкі пакладзе...

Так нараджаецца не дзіва,

Не цуд, а шчасце для людзей.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 61
Крыніца: скан