epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Няма старой бярозы

Бяроза галасіла

На ранішняй зары:

— Вазьмі пілу, магіла,

Сякеру забяры!

Яшчэ я маладая,

Мой кучаравы чуб...

 

Сястра яе рыдае,

Гукае: — Лесаруб,

Сячы, пілуй старую,

Пярун ёй чуб падстрыг.

Заныю, загарую

Без маладой сястры.

 

Журботна заскрыпелі

Старэнькія сукі:

— Яшчэ не ўсё нам спелі

Шпакі і жаўрукі.

 

Заляскала сякера,

Задзвынкала піла:

— А мы табе не верым,

Ты век свой аджыла!

 

Няма старой бярозы,

У кожны цёплы дзень

Там пралівае слёзы

Старой бярозы пень.

На ім не заспявае

Ні жаўручок, ні шпак.

Загінула старая

За новы беразняк.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 47
Крыніца: скан