epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

"Не кажы, што свет сышоўся клінам..."

Не кажы, што свет сышоўся клінам,

Што замкнуўся твой шырокі круг.

Я цябе ў самоце не пакіну,

Мой харошы друг,

сардэчны друг.

 

Мы з табою, братка, не атопкі,

У бары не стопчуць камары.

Мы абвіты дружбай,

нібы клёпкі

Абручамі моцнымі ў вядры.

 

Не ржавеюць клёпкі, вёдры з дубу,

Іржавець не час і нам з табой:

Не далі яшчэ мы крокваў зрубу,

Не накрылі сонцам і зарой.

 

Трэба, нібы душы, вокны насцеж

Расчыніць, зашкліўшы сінявой;

Трэба пасяліць у хаце шчасце

З песняю, з вясною маладой...

 

Не кажы, што свет сышоўся клінам,

Што замкнуўся твой шырокі круг.

Між табой і цёмнай дамавінай

Я гарой паўстану, верны друг.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 16
Крыніца: скан