epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

"Ніжэй ён травіцы, цішэй ён вады..."

Ніжэй ён травіцы, цішэй ён вады,

Ён гэтакі добры і мілы.

Як прымаўка кажа, заўсёды туды

Гатовы залезці без мыла.

 

Маіх супраціўнікаў злосна кляне,

Прысуд ім выносіць суровы.

Салодкія словы яго для мяне

Гарчэй, чым настой палыновы.

 

Мяне не расчуліш, мяне не кранеш

Няшчырай сваёй пахвальбою.

Наскрозь цябе бачу: няпраўдай жывеш,

Яна валадарыць табою.

 

Тады ты за мною ідзеш, нібы цень,

Калі ў мяне дзень урачысты.

Чаму ж не відаць цябе ў горасны дзень?..

Душу сваю здай у хімчыстку!


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 71
Крыніца: скан