epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Новай долі зара

Ён не жыў,

А тужыў,

Як загон без плуга.

На палетку чужым

Парабкоўства гужы

Напінаў ён туга.

— Ні кала ні двара!

Гора галасіла...

Новай долі зара

Сілу акрыліла.

Яна шчасце дала,

Якога ніколі

У былыя гады

Не спаткалі дзяды

Ні ў лузе, ні ў полі,

Ні ў гаі, ні ў бары,

Дзе жывуць вавёркі...

Паглядзі! Плугары

Да вячэрняй зоркі

Востраць глебай плугі

Каравай дасць глеба.

А на лузе стагі

Падпіраюць неба!

У жыццё новых дзён

Расчынілі брамку.

Сонца нізкі паклон

Пасылае ўранку.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 66
Крыніца: скан