epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Пабрацімы

Пушча яловая гора нам гушкала

З цемры спрадвечнае лёгкаю птушкаю

Слова ўзляцела вялікага Пушкіна.

 

Сілаю розуму мудрага Леніна

Змрокі развеяны!..

Зелена, зелена

Доля рунее яснымі ўсходамі.

І каласіцца паміж народамі.

 

У хоры вялікім, у радасным голасе —

Чуюцца песні Купалы і Коласа.

 

Дружбу звязалі дарогаю доўгаю.

Мы апаясаны Нёманам, Волгаю,

Церакам пенным, Даўгаваю сіняю,

Хваляй Дняпроваю...

З роднай Расіяю

Сёстры-рэспублікі нашыя звязаны

Стэпамі, горамі,

Кедрамі, вязамі,

Сэрцамі, душамі,

Цвёрдаю вераю.

 

Мост уздымаецца дружбы сардэчнае.

Сэрцам з Расіяй, сястрою спрадвечнаю,

 

У радасны час і хвілінаю горкаю

Дружба прашытая сонцам і зоркамі;

Сэрцамі нашымі дружба прашытая,

Шчырасцю, сілай вялікай налітая.

 

Сунецца гора — яго перамелем мы.

Крочым да сонца дарогаю Леніна.


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 62
Крыніца: скан