epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Паясы

Я глядзеў,

сядзеў я ціха,

А славутая ткачыха

Ткала шчыра паясы

Чарадзейнае красы,

Ніткай срэбнаю прашыты,

А таксама залатой...

Каласяцца спелым жытам,

Зелянеюцца травой

Слуцкіх паясоў узоры,

Не адвесці мне вачэй:

Купа клёнаў, грэбень бору,

Пад вярбой плыве ручэй,

А ў ім беленькая гуска,

Ды зялёны ліст у ім.

Гэта ж край мой беларускі,

Я душою з дарагім,

З яго полем, небам сінім,

З яго пошумам лясоў...

Добра бачыў і Расію

Я на ўзорах паясоў;

 

Бачыў матухну-Радзіму

Чарадзейнае красы.

Ахінаюць пабрацімаў

Нашай дружбы паясы.


1976?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 82
Крыніца: скан