epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Пакуты і радасці слёзы

— А зелена, зелена за ракой,

Там цвыркочуць конікі ў траве,

А ў душы самотнай, не старой,

Пасівелая нуда жыве.

Не пагладзіць міленькі рукой

Валасоў маіх на галаве,

Да шчакі пяшчотнаю шчакой

Не прытуліцца, не пазаве

Майскага паслухаць салаўя,

Ахінуць вяснянкаю душу.

Мілы мой! Чакаю цябе я,

Адгукніся, родны!.. Я прашу.

 

Просьба дужа шчырая была —

Плакалі расою паплавы.

Галашэннем просьба даплыла

Да яго... Яшчэ ён быў жывы.

Ад ствала паціху да ствала

Поўз баец пад шолах баравы.

 

Кінула вавёрка свой арэх:

— Раскусі! Хоць трошкі пад’ясі...

Цяжка дапаўзці да родных стрэх,

Яго вораг куляй падкасіў.

 

Шышку яму кінула сасна,

Шчыра салавей яму пяе...

— Жонка, чаго плачаш?..

А яна:

— Гэта слёзы радасці мае...

Абдымае зноўку іх вясна,

Песні салаўіныя дае.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 42
Крыніца: скан