epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Памыліўся чорны воран

Воран ворану картава,

Скрыпуча гукае:

— Паглядзі, якая стр-рава

Пад вярбой чакае!

 

— Павячэ-р-раем! —

Закаркаў

Воран вострадзюбы...

— Вон, старыя недавяркі! —

Хлопец русачубы

Прыпадняўся, на кіёчак

Абапёрся хлопец.

— Яшчэ танк мой загрукоча,

Па Еўропе скочыць!..

 

На плячах яго пагоны

Зоркамі зіхцелі.

Як труслівыя вароны,

Вораны ўзляцелі.

 

Заскрыпелі зноў картава

Над старой вярбою:

— Паляцім! Не наша стр-рава.

Ён гатовы к бою...

 

Падлячыўся! Да Берліна

Дагрымеў на танку.

Дачакалася дзяўчына

Веснавога ранку,

Калі пелі на вяселлі:

— Люба, братцы, люба!..—

Пахуднелі, злядашчэлі

У воранаў дзюбы!


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 54
Крыніца: скан