epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Пармон

І
ІІ
ІІІ
IV
V


 

І

Быў мне блізкаю раднёй

Сам Пармон Даніла.

Дзядзьку сілай немалой

Доля надзяліла.

 

Ён — як волат-Вярнідуб,—

Бура і натхненне!

Клаў лясное рэха ў зруб,

Клаў званы-бярвенні.

 

Зруб, як светлы, звонкі май,

Гладкі, як яечка.

Варам поўна налівай —

Зруб не дасць працечкі.

 

Бочку піва прывалок

Дзядзька на вяселле.

— П’ём, гуляем! —

У кружок

Каля бочкі селі,

Хто на лаву, хто на ўслон,

Хто на зэдлік нізкі.

— П’ём, гуляем! — і Пармон

У збаны ды ў міскі

Налівае піва ўсім

З карчмаровай бочкі.

І старым, і маладым

Даў ён па глыточку.

 

Заскакала, загула

Хаціна крывая:

— Ні двара ні кала,

Бедната гуляе!

Ах, быў хвацкім дзецюком.

Бачылі суседзі:

Стукнуў гірай-кулаком —

З ног зваліў мядзведзя!

 

На дарозе палявой

Зарыкаў бугай:

— Не стой!

Прэч з мае дарогі!..

А Даніла, дзядзька мой,

Ухапіў за рогі.

— Эп! — крутнуў над галавой.

— Эп! — шпурнуў з дарогі

На вясновы паплавец,

За кусцік чубаты...

— Ну, выходзь! Выходзь, баец!

Бугаю гукнуў касец,

Сейбіт і араты...

Што араць?

Такі загон,

Як далонь Данілы.

Што касіць?..

Туманны сон,

Смутак нарадзіла

Лугавіна між кустоў

З іржавай тугою...

Будзе пунька зноў пустой,

Зноў касі дугою

Сена ў гумнах у чужых.

Ах, не шмат накосіш!..

Смутак дзён далёкіх тых,

Чаму ў сэрцы не прыціх,

Што ж мне вейкі росіш?

Што шчымліваю струной

Мне пілуеш сэрца?..

Той далёкаю парой

Выйшаў бы за праўду ў бой.

Выйшаў бы! Паверце.

Не было б гаротных дзён,

Добры дзядзька мой Пармон

Быў бы важным тузам...

— Хто ты, братка?

— Я — Антон!

— А я думаў: фон-барон,

Ці герой Баграціён,

Ці стратэг Кутузаў! —

Пасміхаецца сусед,

Барадаты, гладкі.—

Ты паэт? — Ага, паэт.

— Добра! Для пачатку

Пра Хатлянскі сельсавет

Напісаў бы, братка.

— А чаму ж? І напішу!

Гэта мне пад сілу.

У паэму запрашу

Пармона Данілу.

 

ІІ

Яшчэ спаў цыбаты бусел на страсе,

А Пармон Даніла — ў поле па расе.

— Ну, цягні, мой конік...

Родны, памажы!..

Напінае конік жылы, як гужы;

Выгінае спіну, пысаю раллю

Нюхае і мроіць: «Сена зараблю!»

Прапацеў. Стаміўся. Стаў у баразне.

Ён саху-крывулю з месца не скране.

— Валачы, падлюга! —

Пугаю Пармон

Хвошча рабацягу. Конік на загон

Паваліўся. Плача. Вочы поўны слёз.

Не ўзараў загона. Не ўзрасце авёс

На загоне вузкім, на якім падзол.

Стол у хаце бедны. Гол як той сакол,

Хлеб уцёк упрочкі. Уцячэ расол,

Покі дасць гурочкаў бедная града,

А яшчэ не скора прыйдзе лебяда

У шчарбаты, чорны, як цыган, чыгун.

Думае Даніла: «Ах, бяда, бяда!

Каб яе маланка, каб яе пярун!»

Ён стаяў самотны. Сэрца галасіла:

«Матухна, матуля! Што ж ты нарабіла?

Гараваць на свеце мяне нарадзіла.

Плача маё сэрца. Гарачыя слёзы

Упадуць на лозы — паўсыхаюць лозы...»

 

Ён стаяў счарнелы, стомлены, худы,

Ён шаптаў: «Куды ж мне збегчы ад бяды?»

Нібы цень, бяда з ім крочыць след у след.

Як загончык, вузкім стаў шырокі свет.

 

«Цесна ў белым свеце!» —

вырашыў Пармон.

А даўно чакае лепшых, новых дзён

Учарнелы, шэры хлебадар-мужык.

У душы збалелай уздымаўся крык:

«Божухна, паслухай! Чуеш? Памажы!»

Не пачуў Данілу. Богу ён чужы.

 

Памагае пану міласэрны бог,

Пасылае пану кожны дзень пірог;

Надзяліў ён пана тлустаю зямлёй,

Салаўіным гаем, рыбнаю ракой.

 

За суніцы з лесу — пану пакасі,

За мянёчка з рэчкі — пану паднясі

Тонкія карункі...

Кажуць, пан-мастак!

«Божухна, ты чуеш?

А не грэшна так,

У хаўрусе з панам абіраць людзей?

Дзе святая праўда? А няма ж нідзе!»

Гэтак ён у думках з богам гаварыў,

Ды гукнуў у неба ўзрушаны Пармон:

— Я табе не веру, божухна стары!

Скасаваць патрэбна твой стары закон!

Па тваім законе рай і на зямлі

Нашаму магнату, нашаму папу.

Мой загон пясчаны буры размялі,

Не ўзраслі калоссі.

Што рабіць цапу?..

 

Дажынаюць жыта, а яго загон

Вырасціў крапіву, вырасціў быльнёг...

Не пайшоў Даніла к пану на паклон,

Не схіліўся нізка да магнацкіх ног.

 

Жаў ён пану жыта. Ён вязаў снапы.

Залацяцца ў полі панскія тарпы.

«Дык узяць не грэшна? —

разважаў Пармон.—

Сам нажаў я жыта, наскладаў тарпоў!»

А як ноч сцямнела,— ціха, ціха ён

Падышоў да сцірты ды набраў снапоў;

Узваліў на плечы...

«Ночка, памажы,

Хмараю на небе зоркі заслані!»

Нехта ўжо гукае:

— Злодзей, не бяжы!..

Да яго імчыцца нехта на кані.

 

Тухкае ў паўмежак капытамі конь,

Выдзімае з храпы хмару і агонь,

Наляцеў, як бура!..

Паглядзеў Пармон:

На кані душыцель! Гэта, злыдзень, ён

Яго бацьку ў лесе шабляю засек.

А за што? Ляшчынку высек чалавек

На абруч. Цабэрак абруча прасіў.

А за гэта бацьку шабляю скасіў.

Гэта ён, зіркаты, люты душагуб,

Мужыкоў гаротных, як груган, абскуб,

Прыдушыў іх штрафам...

Нават за арэх

Падмятаў засекі з-пад мужыцкіх стрэх.

А такога ж гада задушыць не грэх!..

 

Не пабег Даніла. Ён трымаў снапы,

Яго пот і слёзы ў спелых каласах.

— Гэта ты, Даніла?!

— Хіба ты сляпы?

— Памаліся богу на чужых снапах!

 

Адказаў Даніла злыдню-гайдуку:

— Памыліўся, падла! Я свае нясу.

— Памаліся богу!

Шабляй засяку!..

Падляцеў Даніла:

— Я тваю касу

На касцях паганых добра натачу!..

 

Толькі чула поле, толькі конь пачуў,

Як пад шабляй хруснуў чэрап гайдука.

Патрымала шаблю гнеўная рука,

Зашвырнула ў кусцік.

— Іржавей вось тут!

І пайшоў Даніла ў свой замшэлы кут.

 

А пасля? Пасля быў грозны царскі суд.

У судзе вяршылі царскія чыны.

І прысуд суровы вынеслі яны:

«У Сібір Пармона! Набунтарыў ён!

Намагаўся бурай змесці царскі трон!..»

 

На дарозе доўгай ланцуговы звон.

След у след за звонам — стражы-вусачы

У шнурах чырвоных. Нават і ў начы

Ад шнуроў чырвоных дзядзьку не ўцячы.

 

ІІІ

Жураўліны смутак не галосіць

У кустах, адплыў у Млечны Шлях.

У гумне засмужаная восень

Цюпае цапамі па снапах.

 

Трохі ўжо кусаецца марозік,

Зласнаваты, быдта канваір,

Шкрэбае Даніла па дарозе,

А яшчэ не блізенька Сібір.

 

Тут яе ні слуху і ні духу

На дарозе чорных каляін.

Не плывуць з тайгі гусіным пухам

Мігаценні лёгкія сняжын.

 

Тут жа не цюменскі, а тамбоўскі

Краявід, сасоннік, беразняк,

Як на Міншчыне, такія вёскі,

Як на Случчыне, такі вятрак,

У журботным полі, на пагорку,

Крыламі махае ў сіняве...

І Пармон падумаў: «Мусіць, горка,

Не салодка й тут мужык жыве?

Як і ў нас, мізэрныя палоскі,

У кудлатых межах, у траве;

Як і ў нас, абуты людзі ў лыка,

Лыкам падпяразаны іх лёс.

Ах, няма раскошы тут вялікай,

А зімой вялікі тут мароз.

Як і ў нас, зімой жывуць у хаце

Тут ягняты, козачкі, бычкі;

Як і ў нас, на лавы, на палаці

Сцелюць дым з камінка смалячкі;

Як і ў нас, пяньковаю аборай

Горкі хлеб раскройваюць спрадвек...

Матухна-Расія! Колькі бору!

Ельнікаў! Зямлі! Азёраў! Рэк!

А няма свабоды на прасторы;

Так жа, як ля Нёмана, у горы

Тут жыве працоўны чалавек.

А калі ж загонім, закапаем

Чорную нядолю ў жоўты жвір?!»

 

— Ну, пайшлі, кайданнікі! —

гукае,

Гоніць да Сібіры канваір.

 

Паўтараў у думках зноў Даніла

На чужой далёкай старане:

«Маці, маці, што ж ты нарабіла,

Што ў пакуце цяжкай нарадзіла

На пакуту горкую мяне!»

 

А далей, далей вядзе дарога,

Шорхлая, марозная, як звон.

Не відаць яшчэ таго астрога,

Да якога шкрэбае Пармон,

 

У якім зусім прыдушыць скруха

Ў цёмнай закратованай глушы...

Дальні край!.. Сібір суровым духам

Дзьме і штосьці шэпча, шэпча ў вуха,

Кратае нуду ў яго душы.

Колкая, сухая завіруха

Свішча, студзіць рукі-ледзяшы.

 

На нагах папрэлыя анучы,

Цяжкія лапці на нагах.

А мароз траскучы

І пякучы

Грэецца ў астрожніцкіх вусах.

 

Тонкія сасулькі, як свісцюлькі,

У сівой намёрзлай барадзе.

Ні страхі, ні столі, ні прытулку,

Пад віхурай злоснаю брыдзе;

 

То наперад бокам, то плячыма,

То грудзьмі працісне вецер ён.

Прытаміўся. Змогся. Немагчыма

Вытрываць... Трываў! Ішоў Пармон!

Супыніўся ён. Падставіў плечы

Нейкаму старэнькаму:

— Сядай!

— Ты ж — не конь?

Садзіся, недарэча!

— Не пацягнеш, братка.

— Ну, давай!

На плячах ты будзеш, як на печы.

— Дзякуй, братка. Дзякуй. Выручай.

— Бачу я: дзядок вы вельмі кволы,

А тут завіруха і мароз.

 

Да казённай цёмнае стадолы

Ён таго старэнькага данёс.

 

Канваір сказаў: —Тут заначуем.

Вам пасцель — саломы хайлукі.

Пацукоў галодных пахарчуем.

Добрае вячэры, пацукі!..

 

І пайшоў з халоднае стадолы

Жартаўнік вусаты, невясёлы,

У хацінку-будку на двары...

 

— Праўду ты казаў: я вельмі кволы,

Каб мяне стапталі камары! —

Прызнаваўся беленькі стары.—

Кроў у жылах трохі ўжо астыла,

Мала грэе, братачка, мяне.

І чакае недзе ўжо магіла

У сібірскай снежнай старане.

— Пажывём, дзядун! —

сказаў Даніла,—

Ногі не працягнем у труне.

Пажывём! Памерці ранавата.

Завірухай-бурай засвішчу!

У маёнтку нашага магната

Пеўніка чырвонага пушчу!

 

Пеўніка?! —

Глядзеў праз акуляры

На Данілу ён. Святлеў у твары,

Ажно пацяплела ў жылах кроў...

— Не паможа пеўнік нам, таварыш.

Трэба рэвалюцыі пажары

Распаліць у сэрцах мужыкоў;

Трэба лад царовы, ланцуговы

Зруйнаваць, каб следу не было;

Трэба запаветы Ільічовы

І душы ягонае святло

Несці ў векавечныя глухмені,

На заводы,

да сялянскіх хат,

І тады паставіць на калені

Цяжкую нядолю новы лад.

Апранём зямлёю мы сырою

Гора і кандальны перазвон;

Мы напішам сонцам і зарою

Нашай эры новае закон...

 

Гаварыў ён ціха, а Данілу

Акрылялі словы-перуны,

Выкрасалі гнеў, давалі сілу,

Бушавалі бураю яны.

Слоў такіх Пармон не чуў ніколі,

Слова кожнае заве, пяе...

Ранак. Валакуцца зноў паволі.

Замяло дарогу ў чыстым полі,

Заваліла гурбамі яе.

І на небе гурбы-аблачыны,

Белыя на хвоях башлыкі.

І ў Сібіры — матухна-Айчына,

Руская зямля на ўсе бакі.

 

Руская зіма! Мароз пякучы.

Туманок, авеяны смугой.

Белы снег. І чорная ануча

Вытыркае з снегу пад сасной.

 

Капануў нагою снег Даніла.

Зашчымела сэрца. Свет нямілы:

Учарнелы труп. Пажоўклы мох.

Чалавека гора паваліла,

Смерць яго ў дарозе падкасіла,

Не дайшоў астрожнік у астрог.

 

Не дайшоў! Ды будзе не пустая

Камера ў астрозе. Гоняць шмат...

— Ну, пайшлі! Чаго слупамі сталі?! —

Падганяе ўзброены салдат.

А Даніла кажа:

— Трэба яма

Мерцвяку. Апусцім яго ў жвір.

— У той яме ляжаш ты таксама!

Ну, пайшоў! —

лютуе канваір.

— Па касцях ідзём! —

сказаў Даніла,—

Па замёрзлых трупах у турму!

— Не бунтуй! Капай, бунтар, магілу!

У магілу я цябе турну.

 

Падышоў Даніла да салдата:

— Ах ты, тараканішча вусаты! —

Свой вялікі гнеў стрымаць не мог.—

Шаблю — ў ножны! Чуеш, падганяты?

Шаблю я скручу ў барані рог!

«Ах, скарэй бы ў той астрог дабрацца!» —

Думаў ён, журботаю працят.

Пройдзена дарог сібірскіх шмат.

Ад сяла сяло вёрст нейкіх дваццаць,

А бывае, вёрст за пяцьдзесят.

Ад Цюмені ў Томск вядзе дарога,

З Томска праз тайгу бяжыць яна.

Прывяла дарога да астрога.

Камера ў астрозе, як труна,

Вузкая, самотная, глухая,

Краты на зажмураным акне.

І Даніла сцішана ўздыхае:

Хоць яшчэ жывы, але ў труне.

 

— У труне?! —

глядзіць праз акуляры

На Данілу кволенькі стары.—

Рана пахаваў сябе, таварыш.

Вельмі рана. Так не гавары.

Грэшна паміраць нам у астрозе.

Бітва нас вялікая заве.

Пойдзема па Ленінскай дарозе...

— Дзе ён?

— У паходзе, не ў абозе,

У вялікіх клопатах жыве.

Дзень і ноч шчыруе кузня тая,

У якой куе ён ураган,

Бурай навальнічнаю гукае

Гвардыю рабочых і сялян.

Пусцім у жыццё глыбей карэнні,

Нібы дуб у родную зямлю...

 

Быў Даніла ў лёгкім акрыленні.

Ён сказаў: — Я слухаць вас люблю.

Вы адкуль?

— З разанскае глухмені.

— Хто вы?

— Я — рабочы... Лугавеня...

— А за што вас?

— Леніна вучэнне

Нёс народу. Сеяў прасвятленне

У дрымотнай лыкавай глушы,

Перад царскай хеўрай на калені

Я не стаў, душой не саграшыў,

Не захмарыў чыстае сумленне,

А за гэта выслалі сюды...

Ах, суды!.. Прадажныя суды!..

Пазіраў з пашанаю Даніла,

Пранікаўся ласкай да яго.

«Ну, дзядок-смаржок. А ў ім жа сіла!

Ён жа, як агонь...

Дальбог, агонь!

Ён — мудрэц! Разумна разважае.

Мудрасці ў пазыку папрашу...»

І сказаў: — Я вельмі паважаю

Вашую разумную душу.

 

Прызнаваўся шчыра Лугавеня:

— Сілу гартаваў у барацьбе.

Ленінскае мудрае вучэнне

Памагло...

Паможа і табе.

Ты чытаць умееш?

— Слабавата,

Дзе драбнюткіх літараў багата,

А вялікія чытаць магу.

— Памагаў ты мне ісці, араты,

Я табе таксама памагу...

Сундучок мой вельмі хітраваты,

Бомбу ў дне сакрэтным сцерагу.

 

— Бомбу?! —

І Даніла ў захапленні.—

Бомбай грымнем так, каб лёд растаў!..

Адшчапіў фанеру Лугавеня,

З дна другога кніжачку дастаў.

— А дзе бомба? —

хмурыцца Даніла.

Я не бачу бомбы... Бомба дзе?

— От яна! У ёй жа тая сіла,

Што да шчасця нашага вядзе,

Тут вялікі розум Ільічовы,

Сэрца палымянага напал,

Нам гавораць ленінскія словы,

Як турнуць у бездань капітал...

 

Гаварыў рабочы селяніну.

Слухаў ён, у думках бачыў ён

Тлустую зямлю і лугавіну,

Новы лад і шчасце новых дзён.

 

Слова кожнае харошай песняй

У душу Данілаву плыло.

І, здаецца, ў той цямніцы цеснай

Ажыло турэмнае святло,

Хоць рашотка неба засланяла

Павуцінай шэрай, драцяной...

Валакліся дні. А іх нямала

Аднудзела ў камеры глухой.

 

Кніжку Леніна чытаў Даніла,

Прасвятляўся ленінскім радком.

Кніжка, як жывая, гаварыла,

Гаварыў сам Ленін з мужыком.

 

Заклікаў Ільіч да новай долі,

Быў, здаецца,

з ім Даніла ў полі,

З ім хадзіў па сцежках лугавых...

— Лугавеня!.. Родны!.. Я ніколі

Не чытаў такіх разумных кніг.

Як малітву, кнігу завучаю,

Прасвятляю кнігаю душу.

Леніна, як поле, паважаю,

Як зялёны луг...

Я дакашу

Ленінскаю Праўдай наша гора,

Засяку бяду! Я — дрывасек.

Ленін жа вядзе з дрыгвы на ўзгорак.

Ленін — самы добры чалавек!

Шчодры, як у жнівень цёплы лета,

Як у верасень даспелы сад.

Паважаю Леніна за гэта...

Лугавеня кажа:

— Вельмі рад,

Што пранік прачулаю душою

Ў Ленінскую кнігу. Вельмі рад...

— Гэ! Паўзіце з нораў! — за сцяною

Пагукаў астрожнікаў салдат.

 

У пазы, у паклю тараканы

Запаўзлі світальнай раніцой,

А Пармон Даніла раным-рана

Выпаўзаў на двор з нары сырой.

 

IV

Сячэ, пілуе...

Кедры і яліны

Тралюе з лесу да ракі, на рум...

Плыве, плыве шнурочак жураўліны,

Наматвае на крылы горкі сум

Данілавай душы. Глядзіць у просінь,

У думках пералётных птушак просіць:

«Паклон мой перадайце, журавы,

Нёману, закуткам баравым!

Маці хай у горы не галосіць,

Скажыце ёй, што я жывы, жывы!

Скажыце маёй роднай Беларусі,

Яе азёрам — сонечным вачам,—

Што бурай навальнічнаю вярнуся,

Акрылены натхненнем Ільіча.

Мы зможам гора нашае пакласці

Бунтарнай сілай у зямлі сырой,

Мы абвянчаем шчыра наша шчасце,

Пажэнім з нашай доляй маладой.

 

Ім рэвалюцыя сыграць вяселле

Паможа ў Петраградзе, на Няве,

Вялікі Ленін нам дарогу сцеле,

Турботамі народнымі жыве.

 

Яму душой і сэрцам прысягаю

У вернасці, у шчырасці маёй.

Я сонца рэвалюцыі гукаю,

Абняцца я хачу з яго вясной!»

 

І дагукаўся ён, Пармон Даніла,

Яго з турэмнай цемры і тугі

Узнеслі ў сонца яснае на крылах

Вялікага Кастрычніка сцягі.

 

V

Ён уздымаў іх, сеяў буру,

Змятаў замшэлы царскі лад.

Нязломнай волі дыктатуру

Пранёс Кастрычніка салдат.

 

Не пану, а сабе траву ён косіць,

Не пану, а сабе зямлю арэ!

Пяюць яму даспелыя калоссі,

Заве даспелы садзік на дварэ:

 

— Заходзь! Адчыненыя дзверы

Табе, майму гаспадару!

Я слуцкія даспеліў бэры,

Табе іх шчыра падару.

 

Прыжыўся хлеб у новай хаце.

І новы конь жыве ў хляве...

Данілава старая маці —

Памаладзелаю жыве,

 

Калыша ўнука і гадуе

На козаччыным малачку,

Сваю нявестку маладую

Шануе, як сваю дачку.

 

А гэта радасна Данілу,

Атулен шчасцем чалавек.

Загнаў Кастрычнік у магілу

Царовы гнеў, турэмны здзек!

 

А сонца ўзыдзе, а ці зойдзе —

Святло на сэрцы, на душы...

Ён у калгас дарогу знойдзе,

Не грэбляй, пойдзе па шашы!


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 92-108
Крыніца: скан