epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Партыя Леніна

Кожнаму сёння вядома,

Як гартаваліся сілы:

З буры, маланак і грому

Нашыя выраслі крылы.

 

Крылы вышэй узляталі,

Неслі да вольнае волі;

Бураю хмару змяталі

З нашай журботнае долі.

 

Стукнулі, грукнулі буры,

Далі ім волаты сілу.

Свету старога падмурак

Трэснуў, зваліўся ў магілу.

 

Хлынулі песні натхнення,

Песні душы і свабоды...

Вёў рэвалюцыю Ленін

Разам з магутным народам;

 

Вёў па вялікай Расіі,

Вёў і па нашаму краю.

Тое, што людзі прасілі,—

Даў ён касцу, аратаю;

 

Даў плытагону і цеслю,

Кожнай хаціне вясковай...

Нам камуністы прынеслі

Новыя звонкія песні,

Праўду, святло Ільічова.

 

У нашую бедную вёску

Ленін прыслаў камісара.

Быў ён і шчыры, і свойскі

Вельмі сардэчны таварыш.

 

Дасць мне, бывала, сухарык,

Песціць мяне, нібы сына.

Воблік таго камісара

Бачу з далёкай часіны.

 

Рослы, смуглявы, а плечы —

Шула!.. Шырокая шула!..

— Як ты жывеш, чалавеча?

Руку мне гладзіць прачула.

 

— Мала закваскі рабочай,

Сынку, ў цябе,— ён жартуе,—

Ў кузні з табой пагрукочам,

Кузня цябе загартуе.

 

Сам я пагрукаў нямала

Молатам цяжкім у цэху.

Праца мяне гартавала

І рэвалюцыі рэха.

І рэвалюцыі гукі

Ўлітыя ў нашыя сілы!..

 

Мне ён працягвае рукі,

Рукі — магутныя крылы!

Імі ён чорныя хмары

Змёў з нашай горкае долі...

Вельмі ён шчыры таварыш,

Гэткіх не бачыў ніколі.

 

Прыйдзе, бывала, ў бушлаце

Ў нашую ціхую хату:

Весела зробіцца ў хаце,

Нібы ў вялікае свята.

Людна, нібы на вяселлі,

Рады мы ўсе камісару.

Кажа: — Мы ў хатах паселім

Шчасце і светлыя мары!

Я — камуніст... урачыстай

Песняй глухмані абудзім!..

Я зразумеў: камуністы —

Добрыя, слаўныя людзі!

 

Шчырыя, мудрыя людзі —

Ношу нясуць немалую:

Сонца на досвітку будзяць,

Хай яно ранак цалуе;

Хай у цяплынь і марозы

Нашы акрыльвае сілы...

 

Партыя Леніна — розум,

Партыя Леніна — крылы

Нашага ўзлёту да славы,

Нашага ўзлёту да шчасця...

Сцягу і гімну Дзяржавы

Душы раскрытыя насцеж.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 84-86
Крыніца: скан