epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Пасяліла ў сэрцы салаўя...

Шолахі бярозы кучаравай

І лясное рэха я нясу.

Любата! Налева і направа

Бачу, Беларусь, тваю красу.

 

Ты дала вачам азёраў просінь,

Чысціню крынічную — душы...

Ды гляджу:

ідзе з кіёчкам восень

Да мяне з яловае глушы;

 

У мяне пытае, ці гатовы

Я ісці за ёю па лістах...

Узышоў мой месяц вераснёвы,

Жалуды даспелі на дубах.

 

Толькі ў кожным жолудзе даспелым

Дрэмле, прытаіўшыся, дубок...

Не крані красы памаладзелай,

Восені арэхавы кіёк!


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 47
Крыніца: скан