epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Пазнаю — адвею

Няпраўду ад праўды адвею,

Нібыта асцё ад зярнят,

Я руку падам дабрадзею,

Дарадчыку шчыраму рад.

 

Хай будзе калючы, як вожык,

Хай словам уколе не раз:

Ён праўдай суровай паможа

У горкі, у радасны час.

А той, што кароўкаю божай

У сэрца паўзе,— дык якраз

Яму я не веру, не веру,

Ліслівіць яго не прашу.

Яму не расчыняцца дзверы

Ніколі ні ў дом, ні ў душу.

 

Навучан жыццём!

Разумею

Ліслівы і шчыры пагляд...

Няпраўду ад праўды адвею,

Нібыта асцё ад зярнят.


1976?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 40
Крыніца: скан