epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Песня жняі

Раненька на поплаве я расой умылася,

Я пайшла на поле лугавой сцяжынкаю,

А мне ў полі жыта нізка пакланілася —

Павітала жыцейка добрымі зажынкамі.

 

Цалавала сонца рукі мае шчырыя,

З раніцы да вечара да мяне тулілася.

А дабро ў свіронкі паляцела выраем,

А дабро са мною моцна заручылася.

 

Добры вечар, сонца!

Добрай ночы, зорачкі!

Я пайду дадому лугавой сцяжынкаю.

Падрастуць да столі жыта майго горачкі,—

Шчырае «бывайце» дам тады дажынкам я.

 

З печы цёплы бохан хлеба пагукаю:

— На мой стол кладзіся!

Засланкай паляскаю...

Поле маё, поле! Цябе абдымаю,

Цябе атуляю хлебаробскай ласкаю.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 25
Крыніца: скан