epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Піліп з канапель

— Спіш, Піліпе?

— Ды заснуў.

Не будзі, Якубе.

— Слухай! Бусел вясну

Нам прынёс у дзюбе.

— А няўжо?

— Далібог!

З буслянкі клякоча.

Ён цябе за парог

Вызваць з хаты хоча.

— А навошта яму

Мяне клікаць з хаты?

— Прагультаіў зіму!

Ведае цыбаты.

— Ты данёс?

А Якуб

Адказаў Піліпу:

— Незакончаны зруб

Ля старое ліпы

Расказаў, што праспіш

Вясну маладую.

 

— Можа, ты памаўчыш?

Жыву, не бядую! —

Крыкнуў буслу: —

— Акыш!

Зруб я дабудую.

 

— Дабудуеш?

— Няўжо ж!

Навастру сякеру...

Бусел кажа: — На грош

Я табе не веру!

Ты Піліп з канапель,

Я не памыліўся.

— Памаўчы!..—

у пасцель

Зноў Піліп зашыўся.

 

Паваліўся! Заснуў,

Спячка ў вялых жылах.

Лёгка бусел вясну

Калыхаў на крылах.

 

Асыпаў на пасцель

Промні дзень гарачы.

А Піліп з канапель

Не чуў і не бачыў.

 

Зруб крычаў. Ён ахрып,

Гукаўшы Піліпу:

— Прачынайся, Піліп!

Уцяку з-пад ліпы!

 

Ёсць у вас гэткі тып?

Праганіце тыпа!


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 64-65
Крыніца: скан