epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Прызнанні юнака

Да цябе любоў не стыне,

Я даўно тваю красу,

Як высокую святыню,

У душы сваёй нясу.

Забяру твае дакукі,

Не зажмурыць ні адна.

Мае ўвішненькія рукі,

Нібы хобат у слана.

Як у зайца, мае ногі

Пераскочаць праз бяду.

Перашкоды — прэч з дарогі!

Сваю мілую вяду

У даспелае суквецце,

Да бярозак і дубоў.

І пабег у ельнік вецер,

Не кранае жалудоў...

Ах, як добра жыць на свеце

Мне з табой, мая любоў!

Найвысокую прысягу,

Клятву вернасці даю:

Рана ўстану, позна лягу,

Шчодрасць дам табе сваю.

Зазвінелі і запелі

Словы мілае тады:

— Абвянчаем на вяселлі

Кучаравыя гады!

Абвянчалі! Дагадзілі

Кожнай скрыпчынай струне...

Мо запросяць на радзіны

Маладзёны і мяне?


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 41
Крыніца: скан