epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Прызнанне ў вернасці

Дарогамі — блізкаю, дальняй,

Іду, ахінуўшыся ў вецер.

Яшчэ не настаў развітальны,

Засмужаны хмараю вечар.

 

Не поўдзень, але і не поўнач

Майго пасталелага веку.

І сонца, і зоркі, і поўня

Мне свецяць. А што чалавеку

Ў дадатак да гэтага трэба?

Хіба што хоць крыху натхнення

Ды луста заечага хлеба,

Ды клопатаў добрая жменя.

 

Здаецца, усё гэта маю,

Не трапіў яшчэ ў небяспеку.

Я сувязь жывую трымаю

З падзеямі нашага веку.

 

Нудоты, журботы слязіну

Гатовы я шчырасцю сцерці.

Памру, а Радзіме пакіну

Жывыя праменьчыкі сэрца.

 

Няхай не пагаснуць ніколі

У сэрцах маіх пабрацімаў.

Не трэба мне іншае долі,

Не трэба мне лепшай Радзімы.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 30
Крыніца: скан