epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Рабацяга

Сонца заходзіць...

А спіць яно дзе?

Дзе спачывае да ранку?

Магчыма, дарожкай лясною ідзе

На светлую тую палянку,

Дзе сосны наўкола — сасна да сасны;

Рабіна да дуба хінецца...

Уночы прысніўшы харошыя сны,

На досвітку сонца прачнецца;

 

Да чыстай крыніцы падступіць бачком,

Крыніцай умыецца чыста;

Бяростаю белай, нібы ручніком,

Вытра свой твар залацісты.

 

І пойдзе дарожкай з палянкі лясной,

Не стопча чырвоных суніцаў;

Дакосіць з касцамі лугі за ракой,

Падсушыць сырую травіцу;

 

Жняцам дапаможа яно на жніве;

Даспеліць ільноў валаконцы...

Работнікам дбайным і шчырым слыве

Высокае добрае сонца.


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 20
Крыніца: скан