epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Радзіма

Ад ганка, ад плота старога,

Дзе кожная жэрдка згніла,—

За вёску пабегла дарога,

Дарога мяне павяла

Праз вецер густы і духмяны...

 

У ім быў настой канапляны,

Пракосаў завялых душок...

Шаптаў я: — Бывайце, Хатляны,

Да стрэчы, зязюлін барок!

 

Іду, як гаворыцца, ў людзі,

Пакінуць хачу добры след.

За гэта ж мяне не асудзіць

Ні дзядзька чужы, ні сусед.

 

— Няхай паблукае па свеце,—

Прамовіць якісь дабрадзей...

Быліны і казкі мне вецер

Прыносіў ад мудрых людзей.

 

Легенды і песні не ў кайстру —

Складаў іх шаноўна ў душу.

З таго ўжо няблізкага часу

У сэрцы агеньчык нашу.

 

Пакуль ён у сэрцы іскрыцца,—

Не згасне напал ад тугі...

Прыйшоў я Крамлю пакланіцца

І вам, наш Ільіч дарагі.

 

Такі вы адзіны, адзіны,

Любімы на ўвесь белы свет.

У вашай душы ўся Радзіма,

Святло найвысокіх планет.

 

Ваш розум, як сонца, нам свеціць,

Праменную яснасць дае...

І неба, і сокал, і вецер,

І сонца, і зоркі — мае!

 

Няспынна, нястомна ісціму

Да яснага Берага я...

Направа, налева — радзіма,

Ад краю да краю — мая!

 

Радзімай маёй ганаруся,

Яна ў маім сэрцы жыве.

Шлю нізкі паклон з Беларусі

Расіі і роднай Маскве.


1977?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 4-5
Крыніца: скан