epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Размова з паэтам

Петрусю Броўку

 

Кажу я: — Не трэба журыцца:

Акрылены сілы твае,

Твая чараўніца-крыніца

Жывое натхненне дае.

 

— А трэба мне поўная рэчка,

Яе глыбіня і напор.

Крыху заімшэла гняздзечка,

Дзе вывеўся першы мой твор.

 

— А твор твой жыве, не загінуў,

А крыж не сумуе над ім.

Уцеху і радасць пакінуў

Твой першанькі ў сэрцы маім.

 

Гаворыць ён:— Гэтага мала.

Ты ўсё пра мяне, пра сябе!

Мне трэба, каб ветразем стала

Натхненне маё ў барацьбе

За праўду высокага зместу,

Каб сонцам тварэнне было,

Каб з нашай граніцы ад Брэсту

Сусвету руку падало!

 

Пытаю: — А ў чым жа загвоздка?

Працягвай сусвету руку!

Адказваў: — Даспела палоска.

Вядома, табе, дзіваку?

 

На гэтым спынілася спрэчка,

Сказаў яму: — Будзь жа здароў!

Яшчэ і старое гняздзечка

Народзіць радкоў-песняроў.

Яшчэ не сышоўся свет клінам.

І хоць пасівелі гады —

Твая не пажухла каліна,

Твае не пажоўклі сады.

 

Яшчэ ты ці позна, ці рана,

Ці сонейка захад, ці ўсход —

Шчыруеш, працуеш старанна,

Натхненне вядзеш у паход.

 

Сказаў ён: — Яшчэ пашчырую,

Радкамі вясну ўскалышу!..

Ягоную кнігу бяру я,

А кніга бярэ за душу.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 39-40
Крыніца: скан