epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Разведчык

Быў разведчык ён бывалы,

Смелы, мужны партызан.

Ведаў сцежачак нямала

Праз лясы ў варожы стан.

Нават гера-генерала

Прывалок у той будан,

Дзе быў летам штаб атрада,

Дзе кавалі светлы дзень...

— Камандзір, прымайце гада! —

І баец прысеў на пень,

І сказаў: — Стаміўся вельмі,

Адпачну крыху цяпер.

— Адсапіся... Хто ён?

— Шэльма!

Пакусаў мне рукі гер.

 

— Не пайду, крычаў, на згубу!

Як падымеш — дык нясі!..—

І — кусацца. А я — ў зубы:

— Ну, цяпер мяне ўкусі!

Як гавораць, бой я выйграў:

Кляп — у пашчу: не крычы!..

— Бачу, братка: зубы ў тыгра

Ты дакладна палічыў.

Вельмі ж нейкі ён памяты,

Замарнелы, небарак...

А ён, лысы, і цыбаты,

І дзюбаты, як гусак,

Паглядаў на камандзіра,

На вінтоўкі ў будане...

— Вы застрэліце мяне?

Камандзір гаворыць: — Не.

Падсілкуйся!

І ў мундзірах

Бульбу ў цёплым чыгуне

Ставіць ён на стол з фанеры,

Прастаквашы ставіць збан.

Сам частуе пана-гера

Партызанскі атаман.

Генерал вачам не верыць:

«Можа, нейкі тут падман?

Многа ж ім прынёс пакуты,

А частуюць жа мяне?

Можа, нейкая атрута

У збанку і ў чыгуне?..»

 

— Не па густу страва наша? —

Запытаўся камандзір.

І зачэрпнуў прастаквашы,

І зняў з бульбіны мундзір,

І сказаў: — Бяры ты лыжку,

Не атруцім мы цябе...

 

Пасмялеў чужынец крышку:

Бульбу ножыкам шкрабе;

Лыжкай чэрпае са збана

Прастаквашу... Хваліць ён,

Хітры шэльма, партызанаў,

Хваліць шчыры іх закон.

 

Страсянуў разведчык чубам:

— Ну, ці скора пад’ясі?

—Наядайся! Хутка дуба,

Падла лысая, дасі!

— Дуба?

— Дуба!

— Што ён кажа?

Дуб не трэба мне. О, не!

— А зямелькі хочаш сажань?

— Сажань?

— Сажань!

— Мала мне.

— От, хапуга! Сажня хопіць:

Будзе ж добры, жоўты жвір!..

— Супакойся трохі, хлопец,—

Усміхнуўся камандзір.—

Бачыш, ён і не скумекаў,

Што такое: «Дуба даць».

Можа, стане чалавекам?

Як яго пераканаць?..

 

— Камандзір! А я нязгодны

З вашым вывадам. Дальбог!

Ён жа злыдзень падкалодны.

Стукнуць падлу ды — на мох!

 

— Ах, блазнота ты, блазнота:

Ён саслужыць службу вам...

Праз Мінаевы вароты

Правядзеш яго ты сам.

Генерала на машыне

Павязуць аж да Масквы...

 

То па рыжай імшарыне,

То праз шолах баравы,

То па грэблях, па завалах,

Па калючаму галлю —

Вёў разведчык генерала

На Вялікую зямлю.

 

Генерал — штабная шышка.

У Маскве ён пакрысе

Разгарнуў, нібыта кніжку,

Планы ўсе,

Сакрэты ўсе.

 

А разведчыку — пашана,

Ён адзначаны Масквой.

Ордэн хлопцу-партызану

Уручылі... Ён — герой!

 

Гэта хлопца акрыляла.

Ён нібы Напалеон!

Кажа: — Толькі генералаў,

Фон-баронаў у палон

Буду браць! Я вопыт маю.

 

Браць не буду нейкіх жаб.

Камандзір, я абяцаю:

Прыганю вам цэлы штаб

Афіцэраў, фонаў, гераў,

Фашыстоўскіх главароў!

Мо не верыце?

— Паверу,

Як прыгоніш... Будзь здароў!

 

Зноў пайшоў хлапец удалы,

Рослы, моцны, як той граб,

Каб прывесці генерала,

А магчыма, цэлы штаб!

 

У кустах, траве пажухлай

Лазіць, поўзае хлапец.

Бачыць ён — выходзіць з кухні

Нейкі тып, як жарабец,

Атлусцелы,

Разамлелы,

Белацелы,

У трусах...

«Шышка? Шышка, зразумела!

Ну, вядома ж — важны птах!

Бач, гуляе на прыродзе...

Вунь у рэчку плёхнуў ён...»

— Гэй, ты.. ваша благароддзе!

Вам не хочацца ў палон?

— Я...

— Ага! Што зырыш вочы?

Ну, хутчэй вылазь, галяк!..

У палон ісці не хоча,

Адбіваецца чужак.

— Ах, ты гэтак? А я так!

Даў у пуза, як у бубен,

Ды рабрыны палічыў,

Ды пачысціў трохі зубы.

Кляп — у пашчу: не крычы!..

І прывёў баец бывалы

Галяка да буданоў.

— Штаб — не штаб, а генерала,

Камандзір, прывёў я зноў!

— Генерала? Дзе ж адзнакі?

Толькі ў тлушчы кумпякі.

— Дык яго ж я, небараку,

Галышом узяў з ракі.

Атлусцелы,

Белацелы,

У раку кульнуўся ён...

Хто такі? Незразумела.

Можа, нейкі фон-барон!

Камандзір спытаў:

— Эй, пухлы,

Хто ты? Чын твой? Што за тып?

— Кухар я. Раблю на кухні.

— Кухар?!

— Кухар...

«От уліп! —

Думае баец бывалы.—

Мне папаўся з кухні краб!..»

Аж дуброва рагатала:

— Малайчына! Цэлы штаб

Ён прывёў! А «штаб» той — кухар!

Прывалок яго хлапец!..

Зноў патыліцу пачухаў.

— Прывяду! — сказаў баец.

Дружбакі жартуюць:

— Пуза

Вылаві яшчэ ў вадзе!

— Хлопцы! Штаб — не штаб,

а туза

Прывяду!

І ў шлях ідзе...

Веру цвёрда: прывядзе!


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 87-92
Крыніца: скан