epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Развітанне

Ціха явар з калінай

Шапталі над рэчкай,

А хлапчына з дзяўчынай

Абдымаўся сардэчна.

 

Вечароваю зоркай

Заручалі каханне.

І салодкім, і горкім

Іх было развітанне.

 

— Ты ж вяртайся,— прасіла,

Мой харошы, мой любы...

Да крыві закусіла

Перасохлыя губы.

 

Гаварыў ён дзяўчыне:

— Не гаруй вельмі ў скрусе.

—Бой закончу ў Берліне,

Зноў дадому вярнуся.

 

З батарэйнага грому,

З перуновай бамбёжкі

Да бацькоўскага дому

Не знайшоў ён дарожкі.

 

Куля хлопца зваліла

У траву русым чубам...

Да крыві закусіла

Ў горы дзеўчына губы.

 

Ціха явар з калінай

Шапаталі над рэчкай:

— Хто ж агорне дзяўчыну

Сваёй ласкай сардэчнай?


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 55-56
Крыніца: скан