epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Рэчка спыніла спрэчку

Зашумела дуброва:

— Выклікаю вясну!

Парыкала карова:

— Хопіць зімняга сну!

Дай траву, лугавіна,

Я іду за сяло.

— А яшчэ жураўлінай

Песні тут не было.

— Мне не трэба іх песня,

Трэба мне мурава.

— Першы громік хай трэсне,—

Дык падскочыць трава;

Гром пагрукае ў бубен,

На траву пазаве.

— Што ж? Пакласці мне зубы

Пад страхой у хляве?

Разгарэлася спрэчка

Не на жарт, усур’ёз.

— Хопіць! — кажа ім рэчка.—

Мой зацьвіў вербалоз.

Кліча ён жураўліны

Пералёт да сябе...

І маўчыць лугавіна,

І карова скубе

Маладзенькую траўку,

Што не ўхопіш касой.

Хай ідзе на папраўку

Траўка з першай расой!

Малака дасць карова,

З кубкаў вып’еце вы...

Пагукала дуброва:

— Добры дзень, журавы!


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 33
Крыніца: скан