epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Родны свет

Людзі кажуць:

— Пад ляжачы камень

Нават і вада не пабяжыць...

Давялося ўласнымі рукамі,

Напінаўшы жылы, як гужы,

Уздымаць пласты на чорных лядах,

На пустэчы, гліне і жарстве,

Каб яны цвілі вясновым садам,

Каласамі, кветкамі ў траве.

 

Паглядзіце: мы звярнулі горы,

Калі ўсёю сілай наляглі.

Памаглі нам дужыя маторы,

Пяцігодкі нашы памаглі.

 

Захачу — выходжу ў сад вясёлы...

Лапушысты сад мой, беластволы,

Яблыкі як грудкі снегіроў.

І, здаецца, мне гавораць пчолы:

— Еш мядок наш, братка...

Будзь здароў!

 

Захачу — іду паціху ў жыта,

А яно шуміць, яно заве.

Цёплы, дробны дожджык, як праз сіта.

Праз хмурынку сінюю плыве.

 

Захачу — іду на хвойны ўзгорак,

Пахне тут смалою і карой...

Мне бліжэй да сонца і да зорак.

Іх магу пакратаць я рукой.

 

З вышыні маёй відаць далёка,

Бачу стужкі рэчак і дарог...

Марс глядзіць сваім чырвоным вокам.

Ён не бог вайны.

Ён міру бог.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 30-31
Крыніца: скан