epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Шчупак хвастом па лёдзе трэснуў

Шчупак хвастом па лёдзе трэснуў —

Зламаўся лёд!..

Бушуе Нёман,

Нясе з лугоў і пералескаў

Грачыны грай, зялёны гоман

У падарунак плытагонам.

 

Шануе Нёман працавітых,

За працу плаціць шчодрай платай;

Напоўніў боты, шапкі, світы

Настоем тым, які разліты

На беразе рачною мятай;

Духмянай юшкі акунёвай,

Мяньковай...

Юшка — будзь здароў!..

А дзесьці стануць пабудовай

Плыты з наднёманскіх бароў.

 

Магчыма, хлыне ў клубе песня,

Пачуе дом вясельны гоман?..

Шчупак хвастом па лёдзе трэснуў —

Зламаўся лёд!..

Бушуе Нёман.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 57
Крыніца: скан