epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Сіла

Дубку малому з жолуда прабіцца

Было патрэбна тут,

узняць чубок.

І мне тут

давялося нарадзіцца,

Пусціць карэнні,

нібы той дубок.

Ён рос і рос.

Да сонца чубам вылез

З глухмені —

цёмных елак і ляшчын.

І я ў глухім,

лясным

закутку вырас,

У нас і край адзін,

і лёс адзін.

Яго зямля карміла

і паіла,

Таксама гадавала і мяне;

Яго вайна жалезам

не разбіла,

Яна мяне таксама малаціла,

Таксама ацалеў я на вайне,

Бо нам зямля дала

такую сілу —

Пярунная навала не сагне!

Мы нашу сілу,

мужнасць

і натхненне

Перададзім і дочкам,

і сынам.

Яны яшчэ мацней,

глыбей

карэнні

Тут пусцяць у зямлю

на радасць нам.

І нашай змене

сцяг высокі несці

У шчасце поўнае,

у ясны свет.

А бурам

І віхурам

не замесці

Ні наш,

ні новых пакаленняў след.


1976?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 33-34
Крыніца: скан