epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Сілу лес яму дае

І сцяжынку, і дарожку

Пратаптаў ён у бары...

Пад вярбой, на сумным ложку,

Паміраў ляснік стары.

 

Да яго прыйшлі суседзі,

І ляснік прыйшоў другі.

Кажа:

— Ўстань, у лес паедзем.

Падымайся, дарагі.

 

Спахмурнелі ўжо мядзведзі

Ад пажоўклае тугі.

Там хваіна і яліна

Ўсохне ад нуды-бяды...

 

— Дык чакае ж дамавіна,

Хай плыве ў труне туды.

 

— Хто там?

Чую лесагуба.

Ты чаго тут, ягамосць?

Не, яшчэ не даў я дуба,

Пажыву табе на злосць!

 

Ён падняўся ціха з ложку,

Кволенькі,

сівы,

стары.

— І сцяжынку, і дарожку

Пратапчу яшчэ ў бары.

Запрагай!

У лес паедзем!..

Пакацілі ад сяла!

Гаварыў сусед суседзям:

— Сілу злосць яму дала.

 

А другі інакш мяркуе,

Робіць вывады свае:

— Добра лес даўно вартуе,

А таму ён і ратуе,

Сілу лес яму дае.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 19-20
Крыніца: скан