epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Сініцы

Мароз!.. Сініца да сялібы

Ляціць. Ёй холадна было...

— Чок-чок! —

Малая дзюбка ў шыбу,

Па шыбе чыркнула крыло.

 

— Ты, дзядзька, спіш?

— Не сплю. Я чую.

Заходзь! У хаце пад’ясі.

— Я пад страхою заначую,

Ты канапель мне прынясі.

 

— А хлебных крошак?

— Дай і крошкі!

— А проса?

— Проса я люблю!

Я пад страхой пабуду трошкі,

Пагрэю дзюбку, крылцы, ножкі...

— Пабудзь. Пагрэй. Я накармлю.

 

І накарміў! І пад страхою

Жыла сініца да вясны.

І нават позняю вясною

Не паляцела ў шум лясны.

 

Чаго ляцець? Сваё гняздзечка

Звіла сініца. Супакой...

Даспелі, вывелі яечкі

Сінічак шустрых пад страхой.

 

Ляталі дружна, калі гаркнуў

Мароз: —Прыйшоў вас асяніць!..

За Новы год я выпіў чарку,

Другую чарку за сініц.

 

Ажно яны павесялелі,

З бярозы ўбачыўшы мяне.

Пасля ў гняздо яны ўляцелі:

— Ціў-ціў! Мароз нас не кране!

 

І не крануў. І пад страхою

Цяпер ужо гняздзечкі тры...

— Жывіце дружнаю сям’ёю,

Мае сябры і песняры!


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 62-63
Крыніца: скан