epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Смерць партызанкі

Нельга мне з горам змірыцца,

Сэрца ад болю рыдае...

Быццам у клетцы сініца,

Ў труне яна, маладая.

 

Белыя, сінія кветкі,

Сумны вяночак з рамонку...

Што ж ты?.. Хадзем у разведку!

Чуеш? Не чуе Алёнка.

 

Яму рыдлёўка капае,

Цёмная, жоўтая яма.

Слёзы на вейках Міная,

Гэтак, як мы, ён таксама

Сэрцам, душою гаруе,

Кажа камбрыг пасівелы:

— Ворагу мы не даруем!..

Змоўкнуў...

Нібы анямелы,

Сумны, стаіць, небарача,

Кажа: — Сыпніце ёй кветак...

Можа, дзяцей родных бачыць?

Знішчылі ворагі дзетак.

 

Плача рабіна густая,

Смолкаю плача сасёнка...

Можа, Алёнка, ты ўстанеш?

Чуеш? Не чуе Алёнка.

 

Моцна, навекі заснула

У багуновым зацішку...

Многа гадоў прамінула —

Я пасівелым стаў крышку.

 

Толькі яе, маладую,

Бачу, як майскую кветку;

Быццам гаворыць:

— Пайду я

Сёння на змроку ў разведку.

 

Быццам Алёнка жывая,

Воблік — прываблівы, мілы..

Ціхая сцежка лясная

Зноў прывяла да магілы.

 

Бегаюць шустра мурашкі,

Сумна куваюць зязюлі.

Нейкаю хваляю цяжкай

Смутак мой горкі атулен.

 

Плача рабіна густая,

Смолкаю плача сасёнка...

Можа, Алёнка, ты ўстанеш?

Чуеш? Не чуе Алёнка.


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 21-22
Крыніца: скан