epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Сонечны гадзіннік

Яшчэ мяне дарога кліча,

Хоць я цяпер немалады.

А сонечны гадзіннік лічыць

Мае гады,

Як жалуды,

Якія восенню даспелі

На дубе ў кроне залатой.

Мне салаўі яшчэ не спелі

Апошняй песні над ракой

У ціхім шолаху ракіты,

Дзе пахне мёдам свежы стог.

Ужо нямала перажыта,

Нямала пройдзена дарог

З табою, матухна-Радзіма,

На сцежках нашыя сляды...

Адлічвай, сонечны гадзіннік,

Мае наступныя гады,

Надзеі, клопаты, трывогі,

Хаду няспынную падзей.

У свет, у новыя дарогі

Гадзіннік сонечны вядзе;

Вядзе ў зіму, вясну і лета,

У восеньскі даспелы сад...

Праменні — стрэлкі, а планета

Гадзіннікавы цыферблат.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 7
Крыніца: скан