epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Спатканне з юнацтвам

Нехта клямкаю паляскаў...

Пагляджу, праверу.

— Хто там?

Кажа:— Калі ласка,

Адчыні мне дзверы.

 

Сінявокі, кучаравы,

Вельмі зухаваты...

— Ну, заходзь,

як маеш справу,—

Запрашаю ў хату.

 

Усміхнуўся светлалобы:

— Ды прыйшоў прызнацца:

Ты і я — адна асоба,

Я — тваё юнацтва.

Пазнаеш?

Прайшло нямала

Часу з маладосці...

 

Быў я рады:

завітала

Маладосць у госці!

 

Узляціць ён к сонцу першы,

Як шпак на бярозу.

Не стамілі ж яго вершы,

Не стаміла проза.

 

І ваенная дарога,

Яшчэ вельмі маладога,

Не магла дазвацца...

Каля роднага парога

Я абняў юнацтва.

 

Хай бы гэтае спатканне

Ў яве адбылося.

А чаму ж?

Яшчэ не вяне

Даспелая восень!


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 10-11
Крыніца: скан